Як круцілі фільмы, які быў кошт кінасеанса і што любіў сельскі глядач? Пагутарылі з Чаславам Іванавічам Бушам, былым кінамеханікам, які прысвяціў кіно звыш 30 гадоў

Як раней круцілі фільмы і што любіў сельскі глядач? Пра гэта і многае іншае мы пагутарылі з Чаславам Іванавічам Бушам, былым кінамеханікам, які прысвяціў кіно звыш 30 гадоў.

 

95 гадоў таму, 17 снежня 1924 года, выйшла пастанова Савета народных камісараў аб пачатку кінавытворчасці ў Беларусі. З’явілася дзяржупраўленне “Белдзяржкіно”. Айчынны кінематограф у маштабах саюзнай рэспублікі развівалі людзі, чые імёны грымелі не толькі на прасторы СССР. Яны былі праваднікамі ў вялікае кіно. Тарыч, Корш-Саблін, Тураў, Пташук, Клімаў – цэлая плеяда рэжысёраў, не гаворачы ўжо аб артыстах, якіх пазнавалі на наступны дзень пасля прэм’еры. Тады кінематограф быў мастацтвам для мас у добрым сэнсе гэтага слова. На карцінах “Беларусьфільма” выхоўваліся цэлыя пакаленні! Дастаткова ўспомніць такія казкі, як “Прыгоды Бураціна” і “Чырвоная Шапачка”. А фільмы? Стужкі не мелі патрэбу ў знаку якасці – яны і былі ім. Сюжэты былі простыя і зразумелыя для таго часу. Кіно ўзбагачала духоўны свет, павышала культуру, служыла справе выхавання высокіх ідэйных і маральных якасцей. Задачай работнікаў кінасеткі было данесці да свядомасці кожнага тое, што ствараў савецкі кінематограф. І, трэба сказаць, спраўляліся яны з гэтай задачай выдатна. Гледачы чакалі кінасеанса, як свята. Гэта не цяпер: зайшоў, паглядзеў, выйшаў, забыў аб чым фільм. Гэта было хвалюючае мерапрыемства, сапраўдны выхад у свет.
Кіно заўсёды вабіла да сябе і нашага героя – Часлава Іванавіча Буша, які жыве ў аграгарадку Новы Двор.

 

Пасля заканчэння школы ён адразу падаўся за “корачкамі” кінамеханіка і ўладкаваўся на працу ў мясцовы клуб. 

 

 

Тады ў раёне дзейнічала каля 60 стацыянарных установак і кінаперасовак. А гэта значыць, што ва ўсіх населеных пунктах запальваліся чароўным светам экраны, запрашаючы людзей пазнаёміцца з новымі фільмамі, з карысцю правесці час. Гэта знаёмства арганізоўвалі кінамеханікі. Людзі простай, малапрыкметнай, на першы погляд, але такой патрэбнай прафесіі. 

 

– Мы ўсе любілі кіно, – распавядае Часлаў Іванавіч. – І верылі словам У.І. Леніна, які адзначаў, што кіно – адно з найважнейшых відаў мастацтва. 

 

Памятаю свой першы фільм – “Чрезвычайное проишествие”, які дэманстраваў землякам. Фільм быў аб тым, як танкер “Палтава” адпраўляецца ў Кітай, перавозячы буйныя аб’ёмы газы. У тэрытарыяльных водах краіны-заказчыка на судна ўчыняецца напад кітайскімі радыкальнымі кансерватарамі. Каб апраўдаць свае дзеянні, захопнікі абвінавачваюць матарыста Віктара Райскага ў забойстве іх салдата. Савецкіх маракоў бяруць у палон, калі ўсе спробы мірна дамовіцца правальваюцца, матросаў з “Палтавы” адпраўляюць у канцлагер. Не гатовыя змірыцца з роляй вязняў, палонныя распрацоўваюць план уцёкаў, які нечакана абрастае масай непрадказальных здарэнняў… Гледачы былі ў захапленні! 

 

 

Пасля Чаславу Іванавічу давялося “спыніць” сваё кіно і накіравацца ў армію. І нават там старшына танкавай роты не кідаў любімы занятак. Вярнуўшыся з арміі, працаваў у гродзенскім кінатэатры імя Пушкіна, аднак у хуткім часе вярнуўся на радзіму. Кажа, што ў Гродна проста круціў кіно, а ў Новым Двары – працаваў з людзьмі і для людзей. У 1972 годзе ў Новым Двары адкрылі новы Дом культуры, і людзі з задавальненнем пачалі прыходзіць на кінасеансы. 

 

На маё пытанне, які ваш фільм самы любімы, Часлаў Іванавіч адказаў проста: 

 

– Любімы фільм – гэта той, які збіраў поўную глядацкую залу. 

 

У кінамеханіка так і было. У зале збіралася да 360 чалавек. Да таго ж наш герой працаваў і ў Мацюках, дзе кіно прыходзілі глядзець па 100 чалавек, абслугоўваў на перасоўцы суседнія вёскі. Даехаць усюды аператыўна дапамагаў матацыкл. 

 

– Людзі любілі кіно. “Девушка без адреса”, “Дело было в Пенькове”, “Любовь земная”, “Судьба”, “Белыя Росы” – гэтыя і многія іншыя фільмы праходзілі з аншлагам, – успамінае наш суразмоўца.

 

А пра тое, колькі ў сярэднім савецкі чалавек хадзіў у кінатэатр і як кіно паўплывала на лёс Часлава Іванавіча чытайце ў нашым апошнім нумары ў газеце. 

 

Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара і з асабістага архіва Ч.І. БУША.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!