Почти 3 000 посещений за считанные дни: как работает новый чат-бот для жертв домашнгего насилия

Па ініцыятыве міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» ў краіне пачала работу праграма «Дапамога пацярпелым ад хатняга гвалту», якая адпраўляе аўтаматычныя адказы на запыты карыстальнікаў сацыяльных сетак і месенджараў. Сёння сэрвіс працуе на сайце аб'яднання і ў Telegram-канале, дзе яго можна знайсці па нікнейму @HelpHotlineBot. Карэспандэнт «Р» даведалася, якая неабходнасць існавала ў стварэнні чат-бота, ці праяўляюць да яго цікавасць карыстальнікі і якія перспектывы чакаюць гэту праграму.

 

Чат-бот стаў карысным і зручным дадаткам да асноўных паслуг агульнанацыянальнай гарачай лініі 8-801-100-8-801, дзе шукаюць дапамогі ахвяры сямейных агрэсараў.

 

— Ідэя стварэння такой аўтаматызаванай сістэмы з'явілася ўжо даўно, — расказала Ганна Коршун, кіраўнік агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту— За сем гадоў працы гарачай лініі да кансультантаў паступіла 13 222 звароты з усёй краіны. Фактычна гэта кропка ўваходу ў сістэму аказання дапамогі. Мы прааналізавалі, якая інфармацыя найбольш запатрабаваная, і гэтымі звесткамі забяспечылі чат-бот. Нашы паслугі бясплатныя, а ўся інфармацыя прадастаўляецца на прынцыпах ананімнасці, канфідэнцыяльнасці і добраахвотнасці. Адпаведна тыя, хто да нас звяртаецца, не называюць ні імён, ні прозвішчаў, ні адрасоў, ні нумароў тэлефона. Але мы збіраем унутраную статыстыку, аналізуем яе, а па выніках будуем стратэгію дапамогі і выносім рэкамендацыі, у тым ліку на заканадаўчым узроўні.

 

Сярэднестатыстычны партрэт таго, хто звяртаецца на гарачую лінію, — жанчына ва ўзросце 27—40 гадоў, мае дваіх дзяцей, церпіць фізічныя, псіхалагічныя ці фінансавыя здзекі ад цяперашняга ці былога мужа, партнёра. Людзі гэтага ўзросту — актыўныя карыстальнікі інтэрнэту. Так што стварэнне чат-бота прадыктавана жаданнем ісці ў нагу з тэхналогіямі, якія шпарка развіваюцца, а таксама зрабіць сэрвісы больш даступнымі.

 

— Не ўсе псіхалагічна гатовы зрабіць першы крок і патэлефанаваць на лінію, дзе давядзецца размаўляць з кансультантам, — тлумачыць перавагі аўтаматычнага сэрвісу Ганна Коршун. — Некаторыя фізічна не могуць размаўляць падчас канфлікту. Значна прасцей зайсці на сайт ці ў месенджар і паглядзець неабходную інфармацыю, не прыцягваючы лішняй увагі да сваіх дзеянняў, а патрэбныя звесткі, скажам, заскрыніць, каб заўсёды мець пад рукой. Апрача таго, гарачая лінія працуе без выхадных з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара, але ж бываюць сітуацыі, калі тэрміновая дапамога неабходная чалавеку і ноччу.

 

Чат-бот мае пяць раздзелаў: прытулак, экстранная, а таксама псіхалагічная, сацыяльная і юрыдычная дапамога. Калі чалавек вызначыцца, якую кансультацыю хоча атрымаць, праграма выдасць пералік і нумары тэлефонаў тых сацыяльных аб'ектаў, якія бясплатна прапануюць яе ў патрэбным рэгіёне. Прыведзена таксама сціслая інфармацыя пра кожны від садзейнічання. Напрыклад, у раздзеле «Экстранная дапамога» тлумачыцца, чаму пры канфлікце трэба выклікаць міліцыю, навошта абавязкова фіксаваць цялесныя пашкоджанні, што такое забароннае прадпісанне.

 

Адрасы прытулкаў ці крызісных пакояў не называюцца ў мэтах бяспекі — сэрвіс жа можа выкарыстаць не толькі ахвяра, але і яе крыўдзіцель. Затое ёсць кантакты дзяржаўных ці грамадскіх арганізацый, якія імі кіруюць. Можна даведацца, на якіх умовах прадастаўляецца прытулак, наколькі экстранна туды можна прыехаць.

 

Ганна спадзяецца, што чат-бот дапаможа многім:

 

— Сэрвіс не працуе і тыдня, а яго ўжо наведалі 2819 чалавек, прычым 1614 з іх — праз Telegram-канал. Самыя актуальныя раздзелы — «Прытулак» і «Псіхалагічная дапамога». Большасць наведвальнікаў жыве ў Мінску ці вобласці, на другім месцы — Брэстчына, на трэцім — Гомельшчына. Мяркуем, што пакуль функцыяналу кругласутачна даступнай праграмы дастаткова. Тым не менш збіраемся размясціць яе і ў іншых месенджарах. Што тычыцца дадатковай інфармацыі — чакаем зваротнай сувязі ад карыстальнікаў: магчыма, людзі скажуць, якіх яшчэ звестак ім бракуе.

 

www.sb.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!