А.Г. Пятровіч: “Прававая экспертыза – рэч сур’ёзная”... Сёння – Дзень юрыста

“Так і напішыце: Алег Генрыкавіч у нас нарасхват, – запэўнівае супрацоўніца аднаго з аддзелаў райвыканкама. – Цэлы дзень у гэты кабінет ідуць і тэлефануюць людзі”. Начальнік юрыдычнага аддзела Шчучынскага райвыканкама Алег Генрыкавіч Пятровіч, а гэта пра яго службовую запатрабаванасць выказалася калега, усміхаецца, але не адмаўляе: спраў сапраўды шмат, участак работы вельмі адказны. Менавіта тут праходзяць прававую экспертызу дакументы самай рознай накіраванасці, якія “нараджаюцца” ў аддзелах, упраўленнях і службах райвыканкама.

 

– Мы вывяраем на адпаведнасць дзеючаму заканадаўству кожнае рашэнне, прынятае раённым выканаўчым камітэтам, і кожнае распараджэнне за подпісам старшыні райвыканкама, – тлумачыць сутнасць сваёй працы Алег Генрыкавіч. – Прававая экспертыза – рэч сур’ёзная.

 

Вось і сёння на стол начальніка юрыдычнага аддзела леглі дакументы з упраўлення эканомікі, аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, адукацыі, спорту і турызму і іншых структурных падраздзяленняў. Па адных толькі назвах можна меркаваць, наколькі шырокі спектр пытанняў патрабуе прававой ацэнкі. Нават рашэнне аб правядзенні авіяцыйна-спартыўнага свята, якое пройдзе ў наступным годзе, і тое належыць прававой экспертызе. “Без гэтага ніяк”, – тлумачыць Алег Генрыкавіч. 

 

А гэта значыць, ад чалавека, які будзе яе праводзіць, патрабуюцца грунтоўныя веды, шырокі кругагляд. У прафесійным багажы Алега Генрыкавіча іх дастаткова. У юрыдычнай службе райвыканкама працуе з 2006 года – з моманту яе стварэння. Да гэтага былі вучоба ў тэхнікуме па юрыдычным профілі і ў Беларускім інстытуце правазнаўства, а таксама работа ў судовых органах. За 13 год працы ў райвыканкаме прафесійныя набыткі памножыў у разы. Да таго ж ён пастаянна вучыцца.

 

– Акрамя работы з дакументамі, штодзень, нават калі знаходжуся ў водпуску, сачу, што новае з’явілася ў заканадаўчай базе, як змянілася прававое рэгуляванне. Прапусціш штосьці – навёрстваць будзе цяжка, – дзеліцца юрыст. – Але не думайце, што работа крадзе мой вольны час. Укладваюся ў графік. Як кажуць: хто не ўмее працаваць добра, той працуе доўга. Таму стараюся працаваць добра. Што для юрыста самае галоўнае? (суразмоўца на хвілінку задумаўся). Гэта ўменне чытаць, супастаўляць і аналізаваць прачытанае.

 

І хацець гэта рабіць. А работа ў мяне цікавая. Да прыкладу, з раніцы я разабраўся, як пракрэдытаваць будаўніцтва кватэры, потым – як узвесці дом на свабоднай зямлі, а напрыканцы дня “схадзіў у лес па ягады” – бо і для гэтага занятку ўстаноўлены свае тэрміны і правілы. Так, няпроста – гэта ж розныя напрамкі, затое атрымліваеш веды ў самых розных сферах, якія могуць спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці, для таго, напрыклад, каб дапамагчы сваім сябрам…

 

Кіраўнік спраў – начальнік кіраўніцтва справамі райвыканкама Алена Вайцехаўна Шкіндзерава высока ацэньвае дзелавыя якасці А.Г. Пятровіча:

 

– Наша юрыдычная служба – адна з лепшых у вобласці. І ў многім гэта заслуга вопытнага, ініцыятыўнага, кампетэнтнага Алега Генрыкавіча Пятровіча. Прыемна ўсведамляць, што наша дзейнасць у юрыдычным плане надзейна абаронена. Кіраўніцтва райвыканкама цэніць гэтага спецыяліста.

 

А яшчэ ў першую сераду месяца начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама вядзе асабісты прыём грамадзян. Аднак, кажа, ніколі не адмовіць чалавеку, які звернецца да яго ў іншы дзень. Ведае: у жыцці бываюць сітуацыі, якія не церпяць адкладу. “Часам кансультацыі дастаткова, каб чалавек мог рэалізаваць свае законныя правы, аб якіх ён раней не ведаў”, – зазначае Алег Генрыкавіч. 

 

Пагаварылі з Алегам Генрыкавічам і пра запатрабаванасць прафесіі юрыста. Па яго словах, цяпер такія спецыялісты ў пашане не толькі на профільных пасадах. “Многія кіраўнікі толькі “за”, каб у іх аддзелах працавалі людзі з юрыдычнай адукацыяй”, – зазначае ён. 

 

І пад заслону нашай размовы – крыху аб асабістым. Дома ў Пятровічаў лад, камфорт і спакой. Жонка Таццяна Мікалаеўна заўжды падтрымае, дзеці Арцём і Паліна радуюцца бацькаваму ўлову, а яшчэ з нецярпеннем чакаюць зімы, калі пойдуць з татам на лыжню і каток. Здаровы лад жыцця – залог здароўя, а значыць, высокай працаздольнасці, лічыць Алег Генрыкавіч. І два разы на тыдзень спяшаецца ў спартыўную залу, дзе займаецца валейболам.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!