Не згасне ніколі сяброўства агонь

Учора ўдзельнікі міжнароднай факельнай эстафеты “Бег Міру” наведалі Шчучын. На ўездзе ў райцэнтр лёгкаатлетаў з розных краін Еўропы гасцінна сустрэлі вучні гімназіі і гарадскіх школ, якія з задавальненнем далучыліся да прабегу.

Спартсменаў цёпла віталі і самі шчучынцы: многія ўсміхаліся і ветліва махалі рукамі, вадзіцелі сігналілі ўслед. Удзельнікі эстафеты прабеглі па цэнтральных вуліцах і спыніліся ў гарадскім скверы, дзе ўсклалі кветкі да помніка савецкім воінам.


Замежныя госці таксама наведалі былы палац Друцкіх-Любецкіх і былі вельмі ўражаны яго прыгажосцю і велічнасцю. Асабліва кранальна і цёпла прайшла сустрэча бегуноў з выхаванцамі летняга лагера, які працуе ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Хлопчыкі і дзяўчынкі скарысталіся магчымасцю і пазнаёміліся бліжэй са спартсменамі з розных краін свету: Аўстрыі, Германіі, Славакіі, Чэхіі, Украіны, Расіі... Удзельнікі эстафеты расказалі пра сябе, арганізавалі цікавыя гульні з рабятамі. 
– Сёлета факельная эстафета “Бег Міру” адзначае свой 30-гадовы юбілей, – зазначае лёгкаатлет з Калінінграда Дзмітрый Гамеза. – Яна стартавала ў Ірландыі і праходзіць праз многія краіны Еўропы. У складзе міжнароднай лёгкаатлетычнай каманды я ўжо прабег не адну сотню кіламетраў па дарогах Швейцарыі, Аўстрыі і Італіі. Прыемна было завітаць у Беларусь. Шмат чуў пра вашу краіну, аднак і падумаць не мог, што беларусы настолькі добразычлівыя і ветлівыя людзі. Вельмі спадабаўся Шчучын, нават не хочацца яго пакідаць. Далейшы наш шлях пралягае праз Ліду ў напрамку Мінска. Усяго ў Беларусі мы прабяжым 1900 кіламетраў. Такім чынам да факела дакрануцца каля 10 тысяч беларусаў.


Развітваючыся, удзельнікі эстафеты наказалі шчучынцам жыць у гармоніі з сабой і суседзямі, тварыць дабро і берагчы мір на зямлі. 


Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!