На экскурсію ў Першамайск

Празвінеў тэлефонны званок. Падняла трубку і пачула прыемны жаночы голас: 
– Я – Ніна Кліменцьеўна Маркевіч, старшыня савета ветэранаў пярвічнай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі. Запрашаем вас прыняць удзел у святочным мерапрыемстве, а таксама пабываць на экскурсіі ў аг. Першамайск. Справа ў тым, што два разы ў год збіраем настаўнікаў-юбіляраў, каб павіншаваць іх з Днём нараджэння і абавязкова пабываць у якім-небудзь прыгожым куточку нашай Шчучыншчыны. Гэта магчыма, дзякуючы падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму У.Р. Дубка, які заўседы забяспечвае нас транспартам.

Раніцай імжэў дожджык, а я з добрым настроем ішла па вуліцы, любуючыся, як зеляніна аздобіла падворкі хат. Удзельнікі паездкі збіраліся на пл. Свабоды. 
Галіна Вацлаваўна Вашчыла, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі (гэта яе задумка не пакідаць настаўнікаў-пенсіянераў без увагі) запэўніла ўсіх, што экскурсія будзе цікавай. І мы накіраваліся ў аг. Першамайск, пазнаёміцца з яго багатай гісторыяй. Вядомая з 15-га стагоддзя вёска за пяцьсот гадоў змяніла назву шэсць разоў. Больш за ўсе яна праіснавала з назвай Сабакінцы (300 гадоў) па прозвішчы маскоўскага баярына Міхаіла Сабакіна, які пражываў у гэтых мясцінах са сваёй сям’ей.
Старшыня сельвыканкама Н.М. Сідлярэвіч правяла экскурсію і паказала сучасны аграгарадок, расказала пра новае жылле, пабудаванае для калгаснікаў, новую бальніцу. Галоўны ўрач М.І. Конанава прызналася, што даўно марыла аб тым, каб жыхары акругі мелі ўсе выгоды і не ехалі ў горад. 
Ветэраны працы наведалі царкву Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Іерэй Аляксандр Лебядзевіч пазнаёміў з гісторыяй узнікненне гэтага храма.
Начальнік пагранпаста старшы лейтэнант А.І. Буко расказаў пра службу на заставе і пра ахову дзяржаўнай мяжы.
Першамайская школа-дзіцячы сад здзівіла прыгожым інтэр’ерам. Дырэктар А.М. Гудач ветліва сустракаў гасцей. У музеі экскурсаводы – Віялета Дудар, Сняжана Трусіла, Анастасія Саковіч, Яўгенія Казлоўская, Ірына Гудач – расказалі пра сабраныя экспанаты.
Цудоўны сцэнарый з пазнавальнымі віктарынамі, вясёлымі гульнямі і віншаваннямі юбіляраў падрыхтавалі члены савета ветэранаў: Н.К. Маркевіч, В.К. Нікольнікава, Н.Н. Іванова, Л.Б. Дубінец, Т.В. Лешчык, А.І. Дзікевіч, Т.М. Кулакова Музычны падарунак для юбіляраў прагучаў у выкананні дырэктара школы.
За святочным сталом вандроўнікі падзяліліся ўспамінамі пра былое, а некаторыя падчас паездкі сустрэлі сваіх вучняў, якія цяпер ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. 
Мы не маглі пабываць у тых мясцінах і не наведаць магілу Цеткі, успомніць пра жыццёвыя сцяжынкі паэткі.
Выдатнай атрымалася паездка.
Ніна СЫЧ.
Фота Любові ТАБАЧЭНКАВАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!