Толькі наперад, да новых вяршынь

Пераможцы абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная Альфа”, пераможцы абласной і рэспубліканскай спартакіяд школьнікаў сабраліся сёння ў канферэнц-зале Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, каб пачуць словы падзякі за свае высокія дасягненні і атрымаць прэмію, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Шчучынскі раённы Савет дэпутатаў і Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт.

На сустрэчу з рабятамі прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок, а таксама яго намеснікі Ж.І. Мецько і І.В. Гваздоўскі.

--Вялікі дзякуй вам за карпатлівую працу, за поспехі і перамогі, -- звярнуўся да віноўнікаў урачыстасці Іван Юльянавіч. – Нам, старэйшаму пакаленню, заўсёды прыемна сустракацца з моладдзю, асабліва з вучнёўскай элітай нашага раёна. Мы добра разумеем, што ўзысці на п’едэстал не так проста, для гэтага патрэбна пастаянная сістэмная работа, дапамога настаўнікаў і бацькоў. Раённая ўлада таксама заўсёды гатова падтрымаць вас. На падставе ініцыятывы аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама было прынята рашэнне аб прэміраванні рабят за дасягненне высокіх рэзультатаў. Разам са словамі падзякі сёння вы атрымаеце і матэрыяльнае ўзнагароджанне. Здароўя, поспехаў вам і новых ідэй. Мы вамі вельмі ганарымся!

З высокімі дасягненнямі павіншаваў рабят і У.Р. Дубок:

--Сваімі выдатнымі выступленнямі вы ствараеце імідж усяго Шчучынскага раёна, які вельмі багаты на таленты. Адметна, што гэта сустрэча адбываецца ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. У нашай дзяржаве створаны найлепшыя ўмовы для развіцця дзяцей і моладзі. І за прыкладамі не трэба далёка хадзіць. У бліжэйшы час у Шчучыне пачынаецца будаўніцтва новага сучаснага дзіцячага садка. А палац, дзе сёння праходзіць наша сустрэча? Ён адрэстаўраваны і перададзены вам, дзецям і моладзі, каб вы маглі развіваць свае творчыя здольнасці. Будзьце здаровымі, шчаслівымі і любіце нашу краіну!

Іван Юльянавіч і Уладзімір Раманавіч уручылі рабятам Пісьмы-падзякі і грашовыя прэміі.

Ад імя будучых вучоных, дактароў, дэпутатаў, праграмістаў, спартсменаў і іншых прафесіяналаў, якімі ў хуткім часе стануць сённяшнія рабяты, словы падзякі за падтрымку і ўзнагароды Шчучынскаму раённаму Савету дэпутатаў і Шчучынскаму раённаму выканаўчаму камітэту выказаў гімназіст Уладзімір Пяшко. Ён падзякаваў таксама і настаўнікам за тое, што яны верылі ў сваіх вучняў і заўсёды ім дапамагалі, шчыра дзяліліся сваімі ведамі, разумелі і падтрымлівалі. А равеснікам Уладзімір пажадаў не спыняцца на дасягнутым, а ўпэўнена крочыць наперад і пакараць новыя вяршыні.

Больш за дваццаць рабят атрымалі сёння заслужаныя ўзнагароды. Няхай яны стануць добрым стымулам для новых перамог.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!