ТАА “Праймілк” -- пераможцы ў намінацыі “Лепшы прадукт-2019” на міжнароднай выставе ў Маскве
У Маскве прайшла 26-ая міжнародная выстава прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны для іх вытворчасці “Прадэкспа-2019” – самая аўтарытэтная і вялікая харчовая выстава Расіі, якая сёлета заняла плошчу звыш 100000 квадратных метраў. У ліку іншых беларускіх прадпрыемстваў сваю прадукцыю прадставіў і завод “Праймілк”.
Усяго ў гэтым знакавым для развіцця бізнэсу мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 2,5 тысяч розных кампаній з 69 краін свету.
– Стэнд з нашай прадукцыяй выклікаў вялікую цікавасць у наведвальнікаў, – з гонарам зазначае дырэктар ТАА “Праймілк” Анатолій Станіслававіч Бяляўскі. – Удзельнікі выставы высока ацанілі сухую дэмінералізаваную малочную сыроватку і замяняльнік вяршкоў на расліннай аснове. Як вынік, у сваім раздзеле ў намінацыі “Лепшы прадукт-2019” мы былі прызнаны пераможцамі і ўзнагароджаны дыпломам і залатым медалём.
Для завода “Праймілк” гэта не проста чарговая перамога. Міжнародны форум “Прадэкспа” з’яўляецца самай важнай штогадовай выставай і ў многім вызначае вектар далейшага развіцця харчовай індустрыі. Поспех шчучынскага прадпрыемства дазволіць заваяваць новыя рынкі збыту, а значыць – павялічыць прыбытак.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.