Майстар-клас па карвінгу адбыўся ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі
“Вандроўка ў сад-агарод”. Так называлася няхай і віртуальнае, але вельмі насычанае падзеямі падарожжа падчас сустрэчы аматарскага клуба “Ад усёй душы” ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі.
Вядучыя Р.А. Васюк і І.В. Гудач запрасілі гасцей прайсціся па агародных скрыжаваннях і вулачках, паглядзець, як вырошчваюць садавіну і агародніну ў розных краінах свету.
Вельмі цікавымі аказаліся і незвычайныя факты пра цыбулю, бульбу, памідоры ды моркву. Напрыклад, ці ведалі вы пра тое, што самы вялікі бульбяны клубень у свеце вагай 11 кілаграмаў вырасціў ліванскі фермер? З другога хлеба нават гатуюць дэсерты: вядучыя падзяліліся з удзельнікамі сустрэчы рэцэптам смачнага пясочнага печыва, якое можна зрабіць з бульбы. Што ж – паспрабуем!
Сёлета аматарам садавіны і гародніны было чым паласавацца: урадзілі вішня, сліва, яблыкі ды гарбузы. А якія поспехі атрымаліся на ўласным агародзе ў кожнага, расказалі і самі госці. Эстафету ад аднаго другому передавалі з дапамогай румянага чырвонага яблыка.
У кагосьці атрымалася вырасціць салідны ўраджай морквы, хтосьці пахваліўся вялікімі гарбузамі, што паспелі на градцы. Прыпасы на зіму папоўніліся выдатнымі экзэмплярамі перцаў, памідораў, цыбулі. Да слова, падзяліліся члены аматарскага клуба і сваімі сакрэтамі па захаванні “зялёнай” прадукцыі. Высветлілася, што тыя ж гарбузы не вельмі любяць “зімаваць” у вільготным падвале, таму лепш захоўваць іх недзе ў жылых памяшканнях. Да таго ж месцы, дзе былі суквецце і пладаножка, трэба апрацаваць “зялёнкай”, каб пазбегнуць загнаення. Шмат цікавага даведаліся і пра лячэбныя ўласцівасці звыклых для нас агародных культур.
У госці да ўдзельнікаў аматарскага клуба завітала Людміла Вяславаўна Самсонава. Не так даўно на старонках нашай раёнкі быў надрукаваны цікавы артыкул пра жанчыну і яе захапленне карвінгам, ці, інакш кажучы, мастацкай разьбой на садавіне і агародніне. Некалькі тыдняў таму нават прыязджала сталічнае тэлебачанне і здымала рэпартаж пра яе!
Людміла Вяславаўна расказала ўдзельнікам сустрэчы пра тое, з чаго ўсё пачалося, як першыя поспехі дазволілі рухацца далей і якія прылады неабходны для стварэння ўпрыгожванняў да стала. Вельмі цікавым для ўсіх стаў майстар-клас жанчыны: падчас сустрэчы яна паказала, як выразаць з паловы бульбіны прыгожую ружу.
Уважліва слухалі ўсе прысутныя і пра іншыя захапленні Людмілы Вяславаўны – вырабы 3D-кветак у жэле, пляценне кошыкаў і многія іншыя. Творчыя здольнасці Л.В. Самсонавай неверагодна ўразілі ўдзельнікаў сустрэчы. Хтосьці са шкадаваннем вырашыў, што на падобныя творчыя крокі ён не здольны, а вось кагосьці такі майстар-клас падштурхнуў да эксперыментаў.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.