Палёт на поўдзень адменены. У Ашмянах засталіся зімаваць два буслы
Бусла даўно лічаць сімвалам нашай краіны. Гэту прыгожую і статную птушку вельмі любяць і аберагаюць у народзе. Яна з’яўляецца сімвалам шчасця, сям’і і дабрыні. Прылёт буслоў чакаюць і маленькія, і дарослыя. З гэтымі птушкамі звязана шмат павер’яў і прыкмет.
Мноства перашкод трэба пераадолець буслам, каб прынесці на сваіх магутных крылах вясну і вярнуцца туды, дзе ўпершыню вылецелі з бацькоўскага гнязда… Даверлівы бусел «сябруе» з чалавекам, будуе гнёзды на дахах будынкаў, высокіх дрэвах, слупах. Некаторыя месцічы спецыяльна майструюць пляцоўкі для гнёздаў, каб бліжэй да іх дома маглі пасяліцца белыя птушкі, што з клёкатам прыносяць мір, гармонію і дабрабыт…
Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што два белыя буслы засталіся зімаваць у Ашмянах. Пачалі «сыпацца» фотаздымкі, дзе птушкі перамяшчаюцца па вуліцах, завітваюць у людскія двары і блукаюць па беразе Ашмянкі ў пошуках ежы. Людзі пачалі «біць трывогу» і збіраць ежу для пары маладых буслоў. Але адкрытым заставалася пытанне аб тым, дзе ж яны будуць зімаваць. На дапамогу прыйшлі настаўніца СШ № 3 Наталля Проніна і супрацоўнікі РАНС, якія перадалі буслоў у школу-інтэрнат.
Цяпер буслы знаходзяцца ў адной з прасторных цяпліц навучальнай установы. Тут цёпла, хапае месца, каб хадзіць і нават лятаць з аднаго канца збудавання ў другі. У праходзе некалькі найменняў кухоннага посуду са смачнай ежай і вадой для птушак. Цікава, што школьнікі не лянуюцца і паспяваюць пасля ўрокаў для іх нават сабраць маленькіх жабак. Дарэчы, не забываецца пра птушак і Наталля Проніна, якая падарыла маладняку першы прытулак.
Да новых выхаванцаў школы-інтэрната карэспандэнт завітала разам з вучнямі. Птушкі іх не баяліся, а наадварот спяшаліся дакрануцца вялікімі дзюбамі да рук, каб убачыць, які ласунак дзеці прынеслі зранку.
Настаўніца біялогіі Міраслава Івашка абавязкова прысвячае некалькі хвілін урока буслам, расказвае аб тым, дзе яны жывуць, куды ляцяць зімаваць, што ўваходзіць у рацыён цыбатых.
Дарэчы, аб рацыёне. Кожны з жыхароў раеннага цэнтра можа прынесці буслам свежую сырую і замарожаную рыбу, сырыя мясныя субпрадукты і нават сам уручыць ласунак дзюбатым.
— Гэта вельмі сімвалічна, таму што ў нашай школе вучацца дзеці, якім мы таксама дапамагаем стаць на крыло, — дзеліцца дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк. — Дзеці ўсё разумеюць і вучацца дабрыні і спагадзе, якіх ім часам не хапае.
Цікава, што гэтыя буслы не адзіныя пярнатыя, якім дапамаглі ў навучальнай установе. Аднойчы дзеці разам з настаўнікамі выхадзілі лебедзя з падбітым крылом. Жыў тут і белы бусел, які не мог лятаць. Паколькі яго прывезлі ў жніўні, ён паспеў падлячыцца і адправіцца з суродзічамі ў вырай. Некалькі год таму ў склепе «кватараваў» вожык, якога прынеслі жыхары квартала Будаўнікоў. Увогуле, выхаванцам школы сумаваць няма калі, бо пад іх апекай не толькі птушкі, але і маленькія кацяняты, якія знайшлі тут новы дом, экзатычныя чарапахі.
…Хоць «рэйс» на поўдзень для двух цыбатых адмянілі, хочацца верыць, што яны ў надзейных руках і на наступны год перад тым, як паляцець у вырай, абавязкова зробяць развітальны круг над школай.
osh.by