Іван Міхайлавіч Говарык з вёскі Будраўцы навек адданы зямлі

Іван Міхайлавіч Говарык з вёскі Будраўцы кладзе далоні на калені і пачынае расказваць. Заўважаю: рукі ў яго моцныя. Цяпер яны памякчэлі і пабялелі, а некалі былі ў мазалях і пахлі саляркай. І гэтаму ёсць апраўданне: механізатарскі стаж гэтага чалавека – 50 год! Ветэран працы даўно на пенсіі і сёння жыве ўспамінамі пра былыя, напоўненыя клопатамі будні, за якія яму не сорамна. 
З задавальненнем слухаю аповед Івана Міхайлавіча пра пражытае і перажытае.
– Пайшоў я на трактар ужо ў 16 год, – здзіўляе суразмоўца. – Два гады быў прычэпшчыкам, а потым, павучыўшыся тры месяцы на курсах у Ражанцы, сеў за руль. Працаваў на “кіраўцах”, “датоўцах”, “Беларусах”, на камбайнах... Няма той работы, якая б была мне не па сіле. Араў, культываваў, сеяў, апрацоўваў, жаў і ўбіраў... Пачынаў у калгасе “Рассвет”, а на пенсію афармляўся ўжо з калгаса “1 Мая”. 


Восем старшынь змянілася, пакуль Іван Говарык шчыраваў на хлебнай ніве. У кіраўнікоў нараканняў на яго працу не было. Наадварот: дзе справа, там і слава. Руплівага механізатара хвалілі, дзякавалі яму за старанне, прадстаўлялі да ўзнагарод. І сёння сярод сямейных рэліквій ёсць невялікая каробачка з гэтымі, заслужанымі самаадданай працай, адзнакамі пашаны і гонару. Іван Міхайлавіч беражліва бярэ ў рукі ордэн Працоўнай Славы 3-яй ступені, якога быў удастоены ў красавіку 1979 года. “У Гродне ўрачыста ўручалі, было гэта яшчэ пры тагачасным старшыні калгаса Вашчыле”, – прыгадвае ён. Акрамя ордэна, у заслужанага калгасніка ёсць бронзавы медаль ВДНГ, некалькі знакаў “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, граматы...
У трактарах і камбайнах, за рулём і штурвалам якіх сядзеў некалі І.М. Говарык, не было кандыцыянераў, іншых бытавых выгод і сучасных тэхнічных ноу-хау. Бывала, сонца напальвала кабіну так, што неспрактыкаванаму магло стаць млосна. А зімой пальцы да настылага металу прыліпалі. Але Говарык і яго таварышы не скардзіліся ні на снег, ні на сцюдзёны вецер. З маленства прывучаныя да працы, вясковыя людзі стойка пераносілі любыя прыродныя “сюрпрызы”. А абедамі ў палявых умовах служылі ім сала з хлебам, прапахлае за дзень саляркай, бутэлька малака ці іншая няхітрыя вясковая ежа. 


А пасля палявой змены чакала хатняя гаспадарка. Іван Міхайлавіч з жонкай Леакадзіяй Лявонцьеўнай трымалі кароў, цялят, свіней ды іншую жыўнасць. Стараліся, каб іх трое дзяцей былі накормлены і апрануты не горш за равеснікаў. Дарэчы, абое сужэнцаў мясцовыя – з суседніх Мілеўцаў, пражылі разам больш за пяцьдзясят год. Гаспадыня дома таксама была жанчына ўвішная, паспявала ўсюды – сына і дочак дагледзець, па гаспадарцы ўправіцца, дываноў наткаць і ручнікі вышыць. “Часам доўга за кроснамі заседжвалася, – прыгадвае Іван Міхайлавіч. – Працавала на розных работах – учотчыцай, у паляводстве, малаказборшчыцай. Дарэчы, потым той конік, на якім жонка малако збірала, застаўся на нашай сядзібе. Я яго карміў, даглядаў, ездзіў на ім, ды і вяскоўцы бралі для сваіх гаспадарчых патрэб”. 
 Іван Міхайлавіч прыгадвае, што падчас яго маладосці людзі найбольш цанілі не матэрыяльныя даброты, а мір на зямлі. Памяць многіх выразна захоўвала вайну і разруху, пра вогненныя вёрсты расказвалі франтавікі, у ліку якіх быў і бацька Івана Міхайлавіча. Дарэчы, вярнуўшыся дамоў, ён стаў першым старшынёй мясцовага калгаса, потым працаваў брыгадзірам.


На жаль, некалькі год назад аўдавеў Іван Міхайлавіч. Ступаючы па сцежках, па якіх яны з Леакадзіяй Лявонцьеўнай столькі выхадзілі разам, заходзячы ў святліцу свайго дагледжанага дома, пабудаванага, дарэчы, пасля жаніцьбы, гаспадара часам апаноўвае сум. А разганяе ён яго работай: курэй пакорміць, траву на падворку пакосіць, агарод праполе, а то і на соткі сходзіць паглядзець, як там бульбачка расце... І дзякуе Богу, што дае сілы спраўляцца. Задаволены, што яму як заслужанаму калгасніку гаспадарка садзіць і апрацоўвае надзел з бульбай бясплатна. А нядаўна, расказаў, машыну дроў купіў: пасек з сынам, цяпер зіма не страшная. Калі трэба, дзеці ды ўнукі наведваюцца – дапамагаюць. 
– Сын Іван жыве ў Гродне, працуе майстрам на заводзе карданных валоў, дачка Люда – у Вярцялішках у сацыяльнай службе, а дачка Наташа ў дзіцячым садку ў абласным цэнтры. Маю пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў. Род у нас дружны, – ганарыцца 79-гадовы ветэран працы. 
Вось такі ён, Іван Міхайлавіч Говарык. Просты, сціплы і прыстойны чалавек, зямлі-карміцельцы і ніве шчучынскай адданы. І такіх як ён вельмі многа на нашай Шчучыншчыне. Нізкі ім паклон!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!