У Каменскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе дзейнічае аздараўленчы лагер “Летні гарадок”
У Год малой радзімы дзеці больш падрабязна знаёмяцца з цікавымі старонкамі гісторыі роднага куточка. Кожны дзень яны падарожнічаюць па ўяўных вуліцах: Гаспадарчай, Спорту і здароўя, Міласэрнасці, Роднай, Культурнай, Алімпійскай, Гістарычнай, Экалагічнай і іншых.
На вуліцы Алімпійскай дзеткі прымалі ўдзел у спартыўным свяце “Малыя алімпійскія гульні”, дзе паказвалі свой спрыт, хуткасць і даведаліся, што выпускнік нашай установы адукацыі – Віктар Аляксандравіч Хільмончык – прызёр Паралімпійскіх гульняў.
Цікавая сустрэча адбылася на вуліцы Літаратурнай. У госці завітаў наш знакаміты выпускнік, вядомы беларускі пісьменнік Славамір Валяр’янавіч Антановіч. Ён распавядаў дзеткам пра свае школьныя гады, пра творчыя набыткі, прачытаў вершы і пазнаёміў з празаічнымі творамі. У падарунак школе пакінуў зборнік “Вяртанне ў юнацтва”, а нашым дзецям параіў чытаць кнігі і любіць літаратуру.
А вось на вуліцы Гістарычнай ладзілася экскурсія ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ўсе прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Каменкі.
Запомнілася дзецям і экскурсія ў музей Э.Ажэшка ў вёсцы Мількаўшчына, у Каменскі касцел святога Антонія, які з’яўляецца помнікам архітэктуры і ў якім, дарэчы, была ахрышчана Э.Ажэшка.
Каб канікулы былі бяспечнымі, адбылося падарожжа на пажарны аварыйна-выратавальны пост Каменкі ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”.
Шмат прыемных эмоцый пакінула наша падарожжа, але яно яшчэ не скончана. Дзяцей чакаюць новыя сустрэчы, перамогі, конкурсы.
Жанна ВАРОНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай
рабоце Каменскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.