Свет не без добрых людзей і спраў. Школьнікі і работнікі МНС дапамаглі настаўнікам-пенсіянерам

Сёлета зіма паказвае свой характар. Парадавала яна сваім белым колерам, пакрыўшы снегам дахі дамоў, дарогі. І марозік цісне. Прыгажосць і замілаванне!
Уся прыгажосць зімняга дня зачароўвае, але прайсціся па дарозе і любавацца казачнай прыгажосцю пасля мяцеліцы было складана: дарогі былі замецены амаль да плоту.
Вуліца Лясная знаходзіцца на ўскрайку горада, і не заўседы тэхніка даязджае сюды. На дапамогу мясцовым жыхарам змагацца са снежнымі заносамі прыйшлі вучні сярэдняй школы № 1 г. Шчучына з педагогам Ангелінай Русланаўнай Русак, якія пачысцілі дарогу і падворкі дамоў настаўнікаў. Намеснік па выхаваўчай рабоце Наталля Віктараўна Вавілава разам з дырэктарам Марынай Паўлаўнай Адашчык вырашылі, што ў такой зімняй сітуацыі неабходна дапамагчы настаўнікам-пенсіянерам.
А яшчэ на вуліцу завіталі супрацоўнікі МНС, якія ўвішна спраўляліся з сумётамі снегу на вуліцы і падворках, як сапраўдныя байцы, якія прыходзяць заўсёды па першым закліку сэрца.

Ніна СЫЧ.
