У Год малой Радзімы ў Ражанцы заклалі алею выпускнікоў

Гэта ідэя нарадзілася яшчэ ў лютым -- на сёлетнім вечары сустрэчы. Зрабіць школе "зялёны падарунак" прапанаваў выпускнік 1978 года Віктар Уладзіміравіч Патапчык. Тады яго падтрымалі ганаровыя госці, што закончылі школу 50, 40, 35 год назад: Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч, Валянціна Сцяпанаўна Жвірбля, Сяргей Аркадзьевіч Шэршань, Сяргей Леанідавіч Косцяраў і многія іншыя. І дадзенае слова стрымалі!

В.У. Патапчык прыехаў ажно з Мінска, каб зноў жа быць застрэльшчыкам у добрай справе, ён жа за сабраныя выпускнікамі грошы набыў маладыя туі. Сёлетнія выпускнікі разам з настаўнікамі таксама прыйшлі на дапамогу.

-- На нашых вачах нараджаецца цудоўная традыцыя, -- гаворыць адзінаццацікласнік Арцём Маўрук. -- Мы абавязкова падтрымаем гэты пачын і наша школа, наш аграгарадок стануць па сапраўднаму квітнеючымі.

Сёння зялёная стужка туй дапоўніла прыгожы школьны ландшафт пры ўездзе на тэрыторыю навучальнай ўстановы. Алея выпускнікоў будзе мець свой працяг і з часам абаўе школьны будынак і стадыён. З дапамогай лазернай рэзкі ініцыятары вырабілі і спецыяльную памятную шыльдачку з надпісам, якая будзе прымацавана да фактурнага камню.  

-- Я заўжды знала, што ў нашай школе вучыліся і вучацца сапраўдныя патрыёты сваёй малой радзімы, якія ўмеюць трымаць дадзенае слова. Гэты ўчынак старэйшага пакалення выпускнікоў стане добрым прыкладам для моладзі, -- лічыць дырэктар навучальна-педагагічнага комплексу "Ражанкаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа" Аліна Тадэвушаўна Цівінская, дарэчы, таксама выпускніца Ражанкаўскай СШ.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!