Смаката на святочным стале

 

У час навагодніх свят на стале ў беларусаў павінна быць усё неабходнае. Для гэтага на паліцах крам павінен быць прадстаўлены шырокі асартымент тавараў па даступных цэнах. Такія задачы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць перад урадам і гандлем. Ці хопіць усім свежых агуркоў і іншай смакаты на навагодні стол і, наогул, як змяняюцца харчовыя звычкі беларусаў, якая колькасць калядных акцый і зніжак чакаецца ў краіне? Аб гэтым расказалі эксперты ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Сярод іх — намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава, генеральны дырэктар ДА «Сталічны гандаль і паслугі» Іван Супрановіч і выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская.

 

Больш чым 10 тысяч акцый

Ці гатовы рознічны гандаль да пераднавагодняга павялічанага попыту, расказала Ніна Емяльянава. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што падрыхтоўка гандлю да святкавання Калядаў і Новага года пачынаецца загадзя:

— Ужо ў пачатку лістапада ствараюцца складскія запасы па тых таварах, на якія назіраецца павышаны попыт у святочныя і перадсвяточныя дні. Аднак, напрыклад, садавіна і агародніна загадзя не назапашваюцца, але па гэтых пазіцыях папярэдне складаюцца дадатковыя кантракты. Наш гандаль заўсёды нацэлены на забеспячэнне плацежаздольнага попыту насельніцтва.

Эксперт дадала, што на кантролі ва ўрада, МАРГ практычна штодня знаходзіцца пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі ў найшырэйшым асартыменце:

— Мы праводзім рабочыя сустрэчы як з гандлем, так і з вытворцамі, канцэрнам «Белдзяржхарчпрам», Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, каб нацэліць вытворцаў на выкананне заявак гандлю ў поўным аб’ёме. Нават даводзіцца тлумачыць, што гандаль сабе не на захоўванне назапашвае прадукцыю, а для таго, каб даць яе пакупнікам.

Што датычыцца калядных і навагодніх зніжак, Ніна Емяльянава паведаміла: у нашай краіне запланавана мноства падобных акцый — больш чым 10 тысяч.

 

Расце попыт на здаровае харчаванне

Сёлета сярод беларускіх спажыўцоў назіраўся попыт на больш карыснае харчаванне. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар ДА «Сталічны гандаль і паслугі» Іван Супрановіч. Што да тэндэнцый, якія адзначаліся ў беларускім гандлі ў 2024 годзе, то ён паведаміў:

— Летась і сёлета толькі мы адзначаем такую цікавую тэндэнцыю, як попыт на больш здаровае харчаванне. Гэта значыць расце продаж садавіны, агародніны і, наадварот, некалькі зніжаецца спажыванне кандытарскіх, макаронных вырабаў, круп і іншых аналагічных тавараў. Таму мы можам зрабіць выснову, што людзі хочуць есці больш здаровыя прадукты, фарміруюць свой рацыён, зыходзячы з гэтага.

Эксперт таксама адзначыў, што па нехарчовай групе тавараў істотных змяненняў не назіраецца:

— Бачым толькі тое, што попыт устойлівы. Пры гэтым у большай ступені попытам карыстаецца беларуская прадукцыя. Таму мы бачым умацаванне долі продажу ў нашых універмагах менавіта прадукцыі беларускіх вытворцаў. Гэта станоўчая тэндэнцыя, мы задаволены, што попыт ідзе менавіта на айчынныя тавары.

 

За інтэрнэт-гандлем будучыня

Між іншым тэма развіцця электроннай камерцыі, якая ў перспектыве паўплывае на рознічны гандаль у Беларусі, таксама трапіла ў поле зроку экспертаў. Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская канстатавала, што з прыходам электроннай камерцыі з традыцыйнай розніцы сыдзе тавараабарот:

— Гэта значыць, ён будзе засяроджаны ў анлайн-сферы. Таму што самае дарагое — гэта час, а людзі эканомяць яго. Хоць мы робім усё для таго, каб пакупка ў краме здзяйснялася хутчэй. І ёсць такія пакупнікі, якім важная тактыльнасць, ім трэба самім усё паглядзець, паспрабаваць і прыняць рашэнне. Але ёсць і людзі, якія цалкам добра арыентуюцца па малюнку і могуць замовіць тавар не марнуючы часу. І мы, розніца, таксама, напэўна, пойдзем па шляху ўдасканалення і будзем шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт-пляцоўкі для прасоўвання тавараў.

У сваю чаргу Іван Супрановіч адзначыў, што наша краіна цяпер знаходзіцца на парозе вялікіх змяненняў рынку ў сувязі з развіццём электроннай камерцыі:

— Так, безумоўна, укараненне лічбавізацыі і электронных тэхналогій паўплывае на развіццё гандлю. Мы на гэта глядзім станоўча. За апошнія тры гады я асабіста адсочваю долю рознічнага тавараабароту праз электронныя каналы і бачу, што яна вырасла не менш як на 2%. Гэта добры тэмп. Таму што на сённяшні момант з рознічнага тавараабароту каля 20% — гэта інтэрнэт-продажы.

Спікер дадаў, што датычыцца краін-суседак, то там гэтыя долі прыкметна вышэй:

— Зразумела, што тэндэнцыя гэтага попыту і ў нашым выпадку будзе відазмяняцца. Таму продажы праз нейкія электронныя каналы — гэта толькі адна частка. Бо ёсць яшчэ і дадатковыя моманты, якія датычацца лічбавізацыі ў сферы рэтэйлу і гандлю, гэта і бізнес-аналітыка тэхналогій для работы прадаўцоў і катэгарыйных менеджараў, і сфера электронных грошай, і іншыя пытанні, звязаныя з электронным дакументаабаротам.

Ён падкрэсліў: гандаль — гэта адаптыўны механізм.

— І мы будзем старацца ўлічыць ва ўласным развіцці ўсе новаўвядзенні рынку, тэхналогій. Але што датычыцца менавіта электроннага сегмента, то гэта дастаткова вялікі крок у новую будучыню і новыя рэаліі гандлю, — рэзюмаваў эксперт.

 

zviazda.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!