Малако будзе ў плюсе. У КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” праходзіць грунтоўная рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу
У КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” праходзіць грунтоўная рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу “Агароднікі”. Будаўнікі актыўна ўзводзяць памяшканні для жывёл, таму прамежкавыя вынікі рэканструкцыі можна пабачыць ужо зараз.
Праект рэканструкцыі прадугледжвае будаўніцтва фермы на 388 кароў. Згодна з планам на тэрыторыі комплексу з’явяцца новы кароўнік, сучасны даільна-малочны блок, дзве сянажныя ямы, дызбар’ер і прахадная. Таксама рэканструкцыя прадугледжвае добраўпарадкаванне па ўсім перыметры комплексу з укладкай бетоннага пакрыцця.
На сёння завершана будаўніцтва двух сянажных ям. Пастаўлены металакаркас дэзбар’ера, таксама змантаваны каркас і зроблены дах даільна-малочнага блока, зараз там вядуцца бетонныя работы на падлозе. Аналагічная сітуацыя з кароўнікам, завяршаюцца работы з дахам і таксама вядуцца бетонныя работы на падлозе.
Зараз на будаўнічым аб’екце актыўна працуюць электрыкі, чакаецца замена агароджы вакол комплексу і завяршэнне работ на кацельні.
Падраднай арганізацыяй на будаўніцтве выступае лідская арганізацыя ААТ “Стройвектар”. У сярэднім на аб’екце задзейнічаны 35 чалавек, якія забяспечаны ўсёй неабходнай тэхнікай. Рэканструкцыя пачалася ў канцы чэрвеня гэтага года. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва фермы складае год, таму ўвод у эксплуатацыю новых аб’ектаў запланаваны на чэрвень 2025 года.
Як адзначае прараб Аляксандр Рэміковіч, работа ідзе згодна з графікам. Да зімы будаўнікі хочуць паспець зрабіць як мага больш вонкавых работ, каб з надыходам маразоў сканцэнтравацца на ўнутранай аддзелцы новых памяшканняў.
Прадпрыемства “Стройвектар” спецыялізуецца на будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў, таму бягучая рэканструкцыя комплексу ў Вялікім Мажэйкаве з’яўляецца стандартнай работай для падраднай арганізацыі. Летась будаўнікі ААТ “Стройвектар” узвялі два кароўнікі і ДМБ на ферме каля вёскі Місевічы Воранаўскага раёна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.