Першы крок у медыцыну. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж аддзелам адукацыі і медыцынскімі ўстановамі Шчучыншчыны падпісана на гэтым тыдні ў СШ № 2
У школах нашага раёна працяглы час паспяхова дзейнічаюць аграрныя, педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, прававыя і інжынерныя класы. Сёлета да іх далучыўся і медыцынскі профіль, арганізаваны на базе СШ № 2 горада Шчучына. Цікава, што падобная медыцынская навучальная група стала першай не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй краіне.
Важным этапам дзейнасці медыцынскага профілю стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж аддзелам адукацыі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцай і цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Урачыстае падпісанне дакумента кіраўнікамі арганізацый адбылося на гэтым тыдні ў музеі сімволікі Гродзенскай вобласці сярэдняй школы № 2 горада Шчучына. Пагадненне падразумявае, што профільныя арганізацыі будуць суправаджаць вучняў на працягу іх знаёмства з медыцынскай прафесіяй.
Пасля падпісання пагаднення вучні медыцынскага профілю СШ № 2 мелі магчымасць задаць пытанні галоўнаму ўрачу ЦРБ Вользе Балько і галоўнаму ўрачу ЦГЭ Анастасіі Круковіч. Школьнікаў цікавілі розныя аспекты медыцынскай прафесіі, такія як прызванне дапамагаць людзям, адчуванне адказнасці перад пацыентам. Таксама абмеркавалі патэнцыйныя ільготы пры паступленні і тэмы будучых навукова-даследчых работ.
Актуальнасць стварэння медыцынскага профілю абгрунтаваў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі:
– Атрымалася цікавая сітуацыя. Не столькі ў нашым раёне, але ў межах краіны аграрныя класы сталі рыхтаваць медыкаў. Звязана гэта з аднолькавымі профільнымі прадметамі – біялогіяй і хіміяй. Такое становішча не зусім правільнае, таму ўзнікла патрэба ў стварэнні медыцынскага профілю. Не скажу, што да гэтага моманту мы зусім не супрацоўнічалі з медыцынскімі ўстановамі. Арганізоўваліся сумесныя мерапрыемствы, экскурсіі па бальніцы, але пасля падпісання пагаднення ўзровень супрацоўніцтва значна павысіцца.
Акрамя стандартных профільных прадметаў хіміі, біялогіі і факультатыва “Уводзіны ў медыцынскую прафесію”, вучні будуць мець магчымасць праводзіць навукова-даследчую дзейнасць. Пагадненнем прадугледжаны прафесійныя пробы, знаёмства з рознымі падраздзяленнямі ЦРБ і ЦГЭ, а таксама спецыфічнымі медыцынскімі прафесіямі. Не выключана, што вучні профільных класаў змогуць браць удзел у лабараторных доследах на базе медыцынскіх устаноў.
Варта адзначыць, што пагадненне аб супрацоўніцтве падразумявае работу не толькі з профільнымі класамі. Так, узяць удзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах на базе медыцынскіх устаноў змогуць таксама вучні розных навучальных устаноў Шчучыншчыны. Цалкам верагодна, што ў наступным годзе медыцынскія профілі могуць адкрыцца і ў іншых школах нашага раёне, не толькі ў Шчучыне, але і ў сельскай мясцовасці.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.