"Мае гады – маё багацце". Яніну Вікенцьеўну Хваль з вёскі Прудзяны павіншавалі з 90-годдзем
Свой узрост Яніна Вікенцьеўна Хваль не ўтойвае. Кажа: мае гады – маё багацце. Гэтымі прыгожымі кастрычніцкімі днямі жанчыне споўнілася 90. Павіншаваць паважаную юбілярку з такой падзеяй прыехалі ў вёску Прудзяны Астрынскага сельсавета работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН.
Для нас ужо становіцца традыцыяй уручаць падарункі і віншаваць нашых падапечных з нагоды не толькі векавога юбілею, але і 90-годдзя, 95-годдзя. І такіх доўгажыхароў, што знаходзяцца на нашым сацыяльным абслугоўванні, болей трох дзясяткаў чалавек.
Безумоўна, Яніна Вікенцьеўна была рада гасцям. Так распарадзіўся лёс, што ў жанчыны з родных толькі пляменнікі. Аднак іх сардэчныя словы: “Цётачка, ты нам вельмі патрэбна!”, нібы эліксір жыцця. Роднымі людзьмі лічыць бабуля Яня і супрацоўнікаў сацыяльнай службы. А як жа іначай, калі сацыяльны работнік Лілія Жук да сваіх абавязкаў адносіцца з душой! Вось і ў гэты дзень спякла для сваёй падапечнай надзвычай прыгожы торт, запаліла на ім святочныя свечкі. Бабуля расчулілася, з удзячнасцю прымала віншаванні, абяцала, што будзе старацца, каб спраўдзіліся тыя пажаданні, што прагучалі ў яе адрас.
Характар у Яніны Вікенцьеўны добразычлівы і лёгкі. Яна падтрымлівае добрасуседскія адносіны з усімі вяскоўцамі, заўжды гатова дапамагчы мудрай парадай, падзяліцца сваім жыццёвым вопытам.
На сваім вяку Я.В. Хваль вельмі многа працавала: і на ўласнай сядзібе, і на калгаснай ферме, дзе яе ведалі як адну з лепшых даярак. Больш таго, у маладосці Яніна Вікенцьеўна прымала ўдзел у будаўніцтве дарогі на Азёры, успамінае, як тады даводзілася начаваць у палявых умовах, каб ранкам зноў прыступіць да працы. Сёння жанчына вельмі ўдзячна за тую паслядоўную сацыяльную палітыку, што рэалізуецца нашай дзяржавай, за павагу і клопат да пажылых людзей. Заробленай пенсіі хапае на дастойную старасць, а ўвага з боку супрацоўнікаў ТЦСАН дапамагае бабулі не адчуваць сябе адзінокай.
Ірына ДАНІЛЕВІЧ, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Шчучынскага раёна.