Фінал выявіў мацнейшага. У звышнапружаным матчы за золата Чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе ФК “Шчучын” перайграў “Масты”

 

Вось і падышоў да завяршэння Чэмпіянат Гродзенскай вобласці па футболе – 2024. Фінальны матч, які прайшоў у суботу ў Мастах, расставіў усе кропкі над і. Нагадаем, што сёлета за галоўны трафей вобласці ў самым важным матчы сезона змагаліся ФК “Масты” і ФК “Шчучын”. Накал эмоцый і самых розных пачуццяў пакінула пасля сябе гэтае супрацьстаянне, але аб усім па парадку.

 

Год таму каманды сышліся ў матчы за трэцяе месца, сёлета – за галоўны трафей. Відавочны прагрэс абедзвюх каманд адбыўся па ходу сезона. Дружыны двух суседніх раёнаў сталі непераадольнай перашкодай для ўдзельнікаў чэмпіянату ў падгрупе “Захад”. Шчучынцы завяршылі групавы этап на першым месцы, а “Масты” на другім, адстаўшы ўсяго на два ачкі. У асабістых жа сустрэчах пераможцамі выйшлі ўжо мастоўцы, яны нанеслі адзінае паражэнне нашай камандзе ў Шчучыне і згулялі ў нічыю ў Мастах.

 

Фінальны матч пачаўся з упэўненых дзеянняў гаспадароў поля. Яшчэ да пачатку матча поўныя мастоўскія трыбуны пачалі падтрымліваць сваю каманду. Вядома, гэта былі не самыя лёгкія ўмовы для нашых хлопцаў. Аднак шчучынцы ўжо не раз па ходу сезона паказвалі байцоўскі характар. Таксама падтрымаць нашых прыехала шмат аматараў футбола са Шчучына. Пачатак сустрэчы застаўся за “Мастамі”. Яны хутка авалодалі ініцыятывай і задавалі тэмп гульні, робячы больш вострыя напады. Шчучынцам заставалася толькі адбівацца і контратакаваць. Аднак да сярэдзіны другога тайма сітуацыя пачала выроўнівацца і перспектыўныя падыходы да варот з’яўляліся і ў нашай каманды. На 37-й хвіліне сустрэчы ўдарам галавы Кірыл Тарасюк забівае мяч у мастоўскія вароты. З лікам 0:1 на карысць нашай каманды завяршаецца першы тайм.

 

Было зразумела, што мастоўцы прыкладуць мноства высілкаў у другім тайме для таго, каб перавярнуць гульню. Адказнасць перад родным трыбунамі вымушала іх атакаваць усё больш і гэта дало плён. Спачатку гульцы “Мастоў” рэалізавалі штрафны ўдар, лік зраўняўся (1:1). Потым ужо індывідуальнае майстэрства гульцоў мастоўскай атакі прывяло да другога ўзяцця нашых варот (2:1).

 

Шчучынцы страцілі перавагу і ўжо былі вымушаны адыгрывацца, але сапернік усё яшчэ кантраляваў гульню і быў даволі блізкі да трэцяга гола. Эмоцыі ў сустрэчы пачалі накаляцца, не абышлося без выдаленняў – страты панесла лава запасных “Шчучына”. Як вада, хутка ўцякаў час матчу, імкліва пранеслася сёмая і восьмая дзесяцімінуткі. Напрыканцы тайма адбыўся непрыемны інцыдэнт, гулец мастоўскай каманды, які толькі выйшаў на поле, атрымаў траўму. Гэта была апошняя замена “Мастоў”, таму каманда павінна была дагуляць тайм у меншасці.

 

Сустрэча падыходзіла да канца, шчучынцы пачалі больш рызыкаваць і атакаваць. Напружанасць адчувалася на трыбунах і на полі. На 94-й хвіліне чырвоныя карткі былі паказаны двум парушальнікам з боку мастоўскай і шчучынскай каманд.

 

На 96-й хвіліне здарыўся цуд. Напэўна, многія ўжо былі ўпэўнены ў перамозе “Мастоў”, але гульцы “Шчучына” працягвалі чапляцца за любую магчымасць і былі ўзнагароджаны. На апошніх секундах матча доўгая перадача з цэнтра поля пранікае ў штрафную “Мастоў”, дзе гулец нашай каманд Дзямід Лобач, нібы чакаўшы гэтага падарунка лёсу, б’е па мячу і вяртае “Шчучын” у гульню, лік становіцца 2:2. Каманды чакалі дадатковыя таймы.

 

Дадатковых трыццаці хвілін сапернікам не хапіла, каб выявіць мацнейшага. У першым дадатковым тайме адбыўся абмен галамі. Спачатку мяч забіў шчучынец Віктар Сяўко. Хутка мастоўцы забілі ў адказ. Лік 3:3 пасля 120 хвілін цяжкай гульні азначаў адно – лёс трафея вырашыцца ў пасляматчавай серыі пенальці.

 

Большы досвед у прабіцці адзінаццаціметровых удараў быў у нашай каманды. У сёлетнім розыгрышы Кубка вобласці шчучынцы якраз па пенальці перамаглі ў паўфінале і фінале. “Масты” ж сваю пасляматчавую серыю ў паўфінале правалілі.

 

І вось пачаліся ўдары. Хутка шчучынскі варатар Вадзім Калечыц даў зразумець, што мае маланкавую рэакцыю, адбіўшы два мячы. Мастоўскі галкіпер даў рады толькі аднаму ўдару. Такім чынам, па выніках серыі пенальці чэмпіёнам вобласці сталі прадстаўнікі нашага раёна – ФК “Шчучын”. Віншуем гульцоў, трэнераў і заўзятраў каманды!

 

 

Відавочна, што гэты год стаў самым паспяховым у навейшай гісторыі каманды. Атрымаўшы перамогу ў Кубку і Чэмпіянаце вобласці, ФК “Шчучын” забяспечыў сабе насычаны гульнявы каляндар на восень. Наперадзе нашу каманду чакаюць цяжкія гульні ў Кубку рэгіёнаў Беларусі і ў фінальнай стадыі Другой лігі. Сачыце за матчамі і падтрымлівайце ФК “Шчучын”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з суполкі “ФК Щучин” Вконтакте.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!