Наша марка! Сёння ў Мураванцы адбылася цырымонія памятнага гашэння маркі ў гонар 500-годдзя царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы

 

Жамчужына архітэктуры сусветнага значэння – царква Ражства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Мажэйкаўскага сельсавета – сёлета адзначае сваё 500-годдзе. Сёння яна ў цэнтры ўвагі вернікаў, навукоўцаў, шматлікіх паломнікаў і турыстаў. Храм унесены ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны  ЮНЕСКА і здзіўляе захаванасцю сваёй аўтэнтычнасці.

 

Ці не таму ў межах рэспубліканскага праекта “Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы” выдавецкі цэнтр “Марка”  выпусціў тэматычны блок з выявамі як Свята-Пятра-Паўлаўскага кафедральнага сабора ў Гомелі, так і легендарнай царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка, а таксама асобным тыражом міжнародныя маркі гэтых храмаў. Калі наклад блока складае 10 тысяч экзэмпляраў, то тыраж маркі з Мураванскай царквой – 35 тысяч!

 

 

Сёння на цырымонію памятнага гашэння тэматычных марак спецыяльным паштовым штэмпелем сабраліся прыхаджане, свяшчэннаслужыцелі Шчучынскай царкоўнай акругі. Прыехаў на свята архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, які назваў гэту падзею гістарычнай. Сярод арганізатараў мерапрыемства – дырэктар Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Святлана Мякіш са сваёй дружнай камандай, сярод гасцей -- намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама Алена Жэшка.

 

 

Уладыка Антоній перш-наперш пацікавіўся ў настаяцеля храма протаіерэя Алега Засіма якасцю праведзеных рэстаўрацыйных работ, якімі тэмпамі ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі царквы-імянінніцы, благаславіў будаўнікоў на стваральныя справы. Як вядома, ужо 1 кастрычніка ў Мураванцы адбудзецца галоўная ўрачыстасць з нагоды 500-годдзя храма.

 

– Цудоўны падарунак напярэдадні святкавання юбілею падрыхтавала ўсім нам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумесна з “Белпоштай”, выпусціўшы такую выдатную марку. Дзякуючы ёй аб нашым храме будуць ведаць ва ўсіх куточках свету, -- сказаў у сваім прывітальным слове ўладыка Антоній. --  Марка разляціцца па планеце як благаславенне ад гэтага храма і стане яшчэ адным сведчаннем нашай багатай культурнай спадчыны, духоўнасці, велічнасці нашай архітэктуры.

 

 

Далучылася да віншавальных слоў і Таццяна Цюсіна, падкрэсліўшы, што старт падрыхтоўкі да юбілею царквы – гістарычнага помніка сусветнага значэння, пачынаўся з сур’ёзных фінансавых асігнаванняў на рэстаўрацыю фасада будынка з прэзідэнцкага фонду. Сёння старажытны храм, нібы памаладзеў, стаў яшчэ больш прыгожым і велічным. Гэта – наш гонар.

 

-- Мы будзем садзейнічаць, каб распачатая добрая справа мела працяг, а выпуск імянной маркі дапаможа ў папулярызацыі нашых святынь, захаванні духоўнай спадчыны, развіцці турызму, -- зазначыла Таццяна Уладзіславаўна.

 

Дырэктар Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Святлана Мякіш расказала аб праекце “Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы”, які рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве з Беларускай праваслаўнай царквой. Святлана Вікенцьеўна таксама адзначыла, што ў дзень выпуску ў зварот марак і паштовага блока ў  аддзяленні сувязі аграгарадка Скрыбаўцы адбудзецца спецыяльнае гашэнне на тэматычным канверце “Першы дзень”.

 

Прыйшлі павіншаваць землякоў з незвычайнай падзеяй і вучні Скрыбаўскай СШ, якія чыталі кранальны вершы, распавядалі пра чыстыя парывы душы.

 

Бадай, момант, калі ганаровыя госці злучылі свае далоні, каб дружна пагасіць спецыяльным штэмпелем новыя маркі, быў не меней хвалюючым!

 

 

Ляціце белакрылымі птахамі, канверты з “нашай” маркай, па ўсім свеце, злучайце сэрцы людзей! І няхай тыя пісьмы распавядаюць адрасатам толькі пра добрыя і мірныя навіны! А цікаўныя філатэлісты няхай ужо сёння “палююць” за новай маркай, якая так уражвае сваёй яркасцю і хараством, што хочацца тут жа адправіцца ў вандроўку, каб на свае вочы ўбачыць Мураванскую царкву. Дарэчы, сёння з ёй пазнаёміліся некалькі груп паломнікаў – з Масквы і рэгіёнаў Расіі. 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!