Яркія незабыўныя хвіліны падарылі шчучынцам "Уладары", а фальклорны фестываль сабраў сваіх прыхільнікаў
Свята ў Шчучыне працягваецца! Проста пакарылі сваім выступленнем шчучынцаў і гасцей горада ўдзельнікі ансамбля народнай песні і музыкі "Уладары"! Слухачы актыўна падпявалі артыстам, пускаліся ў танцы пад вясёлую музыку, шчыра дарылі апладысменты.
А ў парку адпачывалі душой прыхільнікі фальклору і народных традыцый. Там праходзіў фестываль "Матуліна хата песнямі багата". У ўдзельнікаў свята была ўнікальная магчымасць атрымаць асалоду ад выступленняў майстроў народнай творчасці, адчуць рознасць фарбаў і жанраў фальклорных песень, побытавых танцаў…
Свае песні дарылі слухачам салісты народнага ансамбля песні "Васільковая раніца" Васілішкаўскага цэнтра культуры Алена Лысеня і Юрый Барысевіч. А ўдзельнікі народнага фальклорнага гурта "Вяргіня" не толькі спявалі, але і станцавалі падыспань і кракавяк. Радавалі сваёй творчасцю Валянціна Андрушкевіч і Наталля Шкляр з Орлеўскага краю, Юрый Валчкевіч з Орлеўскага сельскага клуба, Алена Павукова з Першамайскага Дома культуры, Станіслаў Трусіла з Каменскага Дома культуры, а таксама ўзорны фальклорны калектыў "Скарбоначка" Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору. На працягу раённага фестывалю працавала выстава аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага раённага цэнтра культуры, дзе былі прадстаўлены вырабы з саломы, ткацтва і вышыўка.
Усе удзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы, а гледачы – яркія незабыўныя ўражанні.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.