Куток гармоніі і прыгажосці. У Шчучыне ў святочнай атмасферы адкрылася новая кветкавая крама “Bloom”

 

Цудоўная навіна для ўсіх тых, хто хоча парадаваць сваіх родных, блізкіх і каханых. У Шчучыне адкрылася новая кветкавая крама “Bloom“ у якой акрамя прыгожых букетаў можна таксама набыць цудоўныя падарункі: упрыгожванні, мяккія цацкі, араматычныя свечкі, касметыку, аксесуары і многае іншае. Як адзначыла гаспадыня крамы Алена Змітрукевіч, мэта новай утульнай кветкавай прасторы заключаецца ў тым, каб падарыць радасць і цяпло жыхарам горада. Святочнае адкрыццё крамы адбылося сёння і сабрала шмат шчучынцаў, якія сталі першымі шчаслівымі пакупнікамі.

 

Новая крама размясцілася ў самым цэнтры нашага горада ў будынку па вуліцы Леніна 49. Ідэя адкрыцця крамы належыць Валерыю Змітрукевічу, а ажыццявіць мару ў рэальнасць дапамагла жонка і дзеці, таму справа па-сапраўднаму сямейная. Напэўна таму ў новай краме адчуваецца ўтульнасць, камфорт і асаблівы клопат аб кліентах. Атмасферу прыгажосці дапаўняюць цудоўныя кветкі, якія толькі і чакаюць моманту, калі яны стануць шыкоўнымі букетамі і прынясуць радасць.

 

 

На святочнае адкрыццё новай крамы завіталі сваякі і сябры сям’і Змітрукевічаў, а таксама ўсе цікаўныя Шчучынцы. У прыемнай атмасферы першыя госці крамы “Bloom” змаглі азнаёміцца з асартыментам і набыць сабе ці сваім блізкім прыемныя падарункі.

 

Гасцей вітала дырэктар крамы Алена Змітрукевіч:

 

– Добры дзень, сябры! Мы радыя вас вітаць на адкрыцці нашай крамы. Вялікі дзякуй вам за падтрымку, для нас гэта важна. Я хачу падзякаваць усім тым, хто дапамагаў ажыццяўляць нашу мару ў рэальнасць, я дзякую сваёй сям’і, мужу, дзецям, бацькам, сябрам. Усе яны выдатна разумеюць, што за невялікі час мы зрабілі вялікую работу. Таксама наша сям’я хоча падзякаваць мясцовым органам улады, якія падтрымалі нашу ідэю, аказалі дапамогу. Я вельмі радая, што ў нашай краме мы можам прапаноўваць прадукцыю рамеснікаў. Гэтыя людзі ўнікальныя, а іхняя прадукцыя створана з любоўю і цяплом. Зараз мы маем прадукцыю рамеснікаў са Шчучына, Гродна і Мінска.  Таму мы будзем шчыра радыя бачыць вас у нашай краме.

 

 

Тавары ад рамеснікаў сталі сапраўднай разынкай крамы “Bloom“. Упрыгожванні створаныя рукамі майстроў нясуць у сабе асаблівую энергетыку і створаны з любоўю. Як адзначае Алена Змітрукевіч, любы майстар і рамеснік можа звязацца з крамай, каб дамовіцца аб супрацоўніцтве.

 

Прыемнай часткай святочнага адкрыцця стала падвядзенне вынікаў розыгрышу, які прайшоў у Instagram акаўнце новай крамы. Прыемныя і каштоўныя падарункі чакалі пераможцаў.

 

 

Мерапрыемства стала сапраўдным святам прыгажосці і гармоніі, якое падаравала ўдзельнікам радасць і станоўчыя эмоцыі. Няма сумненняў, што крама “Bloom” стане любімым месцам для тых, хто цэніць прыгажосць і хоча падзяліцца ёй з любімымі людзьмі. Каб знайсці свой ідэальны букет, альбо кампазіцыю, раім вам наведаць новы куток гармоніі і прыгажосці ў цэнтры Шчучына.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!