Бронзавы фініш сезона. У Шчучыне прайшлі фінальныя гульні XVII Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе (+ВІДЭА)

 

Шчучын па праву можна назваць беларускай сталіцай пляжнага футбола. Неаднаразова галоўныя матчы сезона давяралі нашаму гораду, апошнія з іх – фінальныя стадыі Чэмпіянатаў Беларусі па пляжным футболе, якія ўжо другі год запар прымае шчучынскі прыгажун-стадыён.

 

Сёлетні чэмпіянат сабраў 7 лепшых калектываў краіны. Сярод удзельнікаў былі дэбютанты спаборніцтваў “Мінскі” і “ДЮСШ ЦОР” з Кіраўска.

 

Ад мая да жніўня каманды правялі чатыры туры рэгулярнай стадыі, каб вызначыць чатыры мацнейшыя дружыны, якія пазмагаюцца за галоўны трафей сезона 2024.

 

 

Па выніках рэгулярнай стадыі турнірная табліца выглядала наступным чынам. Першае месца заняў магілёўскі “ЦОР” – бяззменны лідар унутраных беларускіх спаборніцтваў, які ў гэтым сезоне не зазнаў ніводнай паразы. На другім месцы размясціўся калектыў “Брэст-Волга”, які абагнаў на адно ачко Шчучын. Адпаведна наша каманда заняла трэцяе месца. Змыкала чацвёрку прэтэндэнтаў на трафей сталічная каманда “Мінск”. На пятым месцы турнірнай табліцы апынуўся віцебскі “Юркас”, “Гроднааблспорт” заняў шостую прыступку, а на сёмым месцы па выніках рэгулярнай стадыі чэмпіянату апынулася “ДЮСШ ЦОР”.

 

Фінальныя матчы чэмпіянату сабралі вялізную колькасць шчучынскіх заўзятараў, на пляжным стадыёне быў аншлаг, таму некаторым гледачам прыйшлося назіраць спаборніцтвы стоячы.

 

 

У першым паўфінале сустрэліся суседзі па турнірнай табліцы – “Шчучын” і “Брэст-Волга”. Фаварытам на паперы выглядаў брэсцкі калектыў, аднак усе разумелі, што шчучынцы не дадуць саперніку лёгкай пуцёўкі ў фінал і навяжуць барацьбу.

 

Першы перыяд матча пачаўся з атак брэсцкай каманды. Шчучынцы адбіваліся і таксама рабілі падыходы да чужых варот, у адной з такіх атак гульцы “Брэст-Волгі” парушылі правілы ў сваёй штрафной, што прывяло да пенальці ў іхнія вароты. Упэўнена рэалізаваў дзевяціметровы ўдар Аляксандр Кірылаў, які развёў па розных вуглах варатара і мяч. Лік у матчы стаў 1:0. Аднак не доўга шчучынцы заставаліся лідарамі. Хутка берасцейцы адыгралі адзін мяч, а праз 28 секунд пасля першага ўзяцця варот забілі другі. Наступнае слова ў матчы сказалі шчучынцы, зноў забіўшы з пенальці. Гэтым разам трапным ударам адзначыўся Алег Гапон, які змяніў лічбы на табло на 2:2. З такім лікам першая траціна сустрэчы і завяршылася. У другім тайме каманды працягнулі абменьвацца небяспечнымі момантамі і некалькі разоў былі блізкія да гола. Але ўпэўненыя і, часам, гераічныя дзеянні ў абароне дазволілі абедзвюм камандам захаваць вароты сухімі. Лёс супрацьстаяння мусіў вырашацца ў трэцім тайме.

 

 

Пасля перапынку доўга чакаць галоў не прыйшлося. У самым пачатку трэцяга тайма варатар брэсцкай каманды забіў мяч у сетку шчучынцаў (2:3). Хутка гульцы “Брэст-Волгі” маглі забіваць яшчэ адзін: у наступнай жа сваёй атацы яны трапілі ў штангу варотаў “Шчучына”. Далей у нашай каманды атрымалася адцягнуць гульню ад сваіх варот. Пасля чаго шчучынцы зноў выраўнялі лічбы на табло. Дзякуючы ўдару Вадзіма Хільмановіча мяч рыкашэтам ад горачкі трапіў у левы верхні кут варотаў берасцейцаў. Наступныя два галы ў матчы аформілі сапернікі “Шчучына” (3:5). Да канца сустрэчы заставалася ўсё менш часу. Крыху выправіў становішча Алег Гапон, які эфектным ударам праз сябе забіў чацвёрты мяч нашай каманды. Але кропку ў супрацьстаянні паставілі берасцейцы, якія рэалізавалі пенальці і ўсталявалі канчатковыя лічбы на табло – 6:4.

 

У другім паўфінале “ЦОР” адолеў “Мінск” з лікам 7:4. Гэты матч таксама парадаваў барацьбой і інтрыгай. Такім чынам вызначылася фінальная пара – “ЦОР” і “Брэст-Волга”. За бронзавыя медалі чэмпіянату змагаліся “Шчучын” і “Мінск”.

 

 

Матч за трэцяе месца аказаўся багатым на галы. Лік у матчы адкрыў варатар нашай каманды Максім Цывінскі, мінчукі таксама адказалі голам. З лікам 1:1 завяршыўся першы тайм. Пасля перапынку забівалі толькі шчучынцы. Дальнім штрафным ударам Аляксандр Кірылаў забіў мяч і вывеў нашу каманду наперад (2:1). Далей перавагу гаспадароў турніра павялічыў Алег Гапон, які выйшаў адзін на адзін з варатаром “Мінска” і без праблем рэалізаваў свой шанец. Поспех другога перыяду яшчэ раз замацаваў Аляксандр Кірылаў, які зноў сваім каронным дальнім ударам трапіў у вароты саперніка (4:1).

 

Пасля двух таймаў гульцы “Шчучына” зрабілі сур’ёзную заяўку на заваяванне бронзавых медалёў. Мінчукі не хацелі здавацца проста так і паказалі байцоўскі характар. Першы гол трэцяга перыяду здарыўся пасля першага ж удару з цэнтра поля (4:2). Варатар нашай каманды Вадзім Калечыц таксама вырашыў праверыць свайго калегу дальнім ударам, мяч апынуўся ў штрафной саперніка, дзе завязалася не жартоўная барацьба, але ад нагі Аляксандра Кірылава мяч зноў апыныўся ў варотах “Мінска” (5:2). Не прайшло і 5 секунд, як мінчукі забілі свой трэці мяч. Усё тыя ж пяць секунд выкарыстаў Вадзім Хільмановіч, каб яшчэ раз адзначыцца за “Шчучын” (6:3). 11 секунд спатрэбілася камандам, каб аформіць тры галы. Вось такія цуды выніковасці маглі назіраць у нядзелю шчучынскія аматары пляжнага футбола. Наступны стрэл у галявым супрацьстаянні зрабілі госці з Мінска, яны рэалізавалі пенальці. Наша каманда адказала голам Аляксандра Кірылава, гулец па 21 нумарам аформіў покер у гэтым матчы (7:4). Шыкоўным ударам праз сябе футбаліст “Мінска” скараціў перавагу “Шчучына” да двух мячоў, аднак на большае часу ў мінчукоў не хапіла. Матч завяршыўся з лікам 7:4 на карысць шчучынскай дружыны.

 

 

У фінальным матчы перамогу з лікам 5:2 атрымаў магілёўскі “ЦОР”.

 

Па выніках XVII Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе сярод мужчынскіх каманд вышэйшай лігі тройка прызёраў выглядала наступным чынам. Бронзавыя медалі спаборніцтваў забраў “Шчучын”, другое месца заняла каманда “Брэст-Волга”, а пераможцам чэмпіянату стаў “ЦОР”.

 

Завяршылася чарговае свята пляжнага футбола, якое прынесла масу добрых эмоцый жыхарам нашага горада. Прыемна, што цікавасць да гэтага мерапрыемства праявілі многія шчучынцы, пра што сведчылі цалкам запоўненыя трыбуны. Шчучынская каманда дасягнула годнага выніку і парадавала землякоў бронзавымі медалямі. Дзякуем нашым спартсменам і ўсім удзельнікам спаборніцтваў за яскравую і прыгожую гульню. Сезон пляжнага футбола на гэтым не заканчваецца, бо 17-18 жніўня ў Брэсце адбудзецца розыгрыш Кубка Рэспублікі Беларусь. З нецярпеннем чакаем гэтых спаборніцтваў і жадаем нашай камандзе поспеху ў іх.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!