Узнагароды знайшлі перадавікоў. Механізатары і вадзіцелі, якія дасягнулі найлепшых вынікаў на нарыхтоўцы кармоў, атрымалі ўзнагароды
Забяспечыць жывёлу якасным кормам на наступны год – важная задача, якая патрабуе ад аграрыяў зладжанай працы на ўсіх этапах збору і нарыхтоўкі зялёнага ўраджаю. Добрая праца не застаецца незаўважанай. Днямі былі адзначаны механізатары і вадзіцелі з сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны – пераможцы раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў у нарыхтоўцы кармоў у 2024 годзе.
Заслужаныя ўзнагароды аграрыям уручылі першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аверка і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.
У намінацыі “Падбор і здрабленне сянажнай масы” з вынікам 14098 тон пераможцам стаў механізатар ААТ “Дэмбрава” Валерый Жураўскі.
Лепшымі на касьбе траў былі названы Сяргей Плаўскі з ААТ “Шчучынаграпрадукт”, які скасіў 1279 гектараў, Яўгеній Юрага з ААТ “Дэмбрава” з вынікам 1211 гектараў і Юзэф Барташэвіч з ААТ “Васілішкі”, ягоны вынік – 1190 гектараў.
Акрамя таго, механізатары атрымалі ўзнагароды за зграбанне падвяленай масы. Лепшы вынік у Вадзіма Салейкі з ААТ “Васілішкі” (1313 гектараў), добры вынік – 1204 гектары – паказаў Леанід Клімук з ААТ “Дэмбрава”.
Лепшым у падборы і здрабненні падвяленай масы стаў механізатар “Шчучынаграпрадукта” Васілій Гваздоўскі, у яго 8586 тон. Прызёрамі названы Андрэй Баўман з ААТ “Васілішкі” (8511 тон) і прадстаўнік ААТ “АграГЖС” Валянцін Антончык (7879 тон).
Прызнанне за сумленную працу і высокія вынікі атрымалі і вадзіцелі, занятыя на адвозцы падвяленай масы. Лепшым прызнаны кіроўца ААТ “Дэмбрава” Дзяніс Шышко, які адвёз 3733 тоны падвяленай масы, другі вынік паказаў Юрый Грыб з ААТ “Дэмбрава”, ён перавёз 3592 тоны.
Вынікі працы аграрыяў Шчучыншчыны былі адзначаны і на абласным узроўні. Так, пераможцам абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў першага ўкосу ў намінацыі “Касьба траў” стаў механізатар ААТ “Васілішкі” Павел Дагліс.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.