Свята першага снапа. Старадаўнім абрадам "Зажынкі" далі старт жніву ў Шчучынскім раёне

 

Сёння на Шчучыншчыне прайшло раённае свята "Зажынкі-2024". Традыцыйны самабытны абрад даў старт уборачнай кампаніі. Гасцінная і працавітая васілішкоўская зямля сустракала кіраўніцтва Шчучынскага раёна, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і, вядома, хлебаробаў мясцовай гаспадаркі на залацістым хлебным полі.

 

 

Пачэснае права адкрыць свята было прадастаўлена старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксею Садоўскаму, які адзначыў асаблівы момант старту ўборачнай кампаніі.

 

-- У гэтым годзе на палях нашага раёна вельмі добрыя віды на ўраджай. Таму не правесці свята “Зажынкі” было б няправільна. Зажынкі – наша даўняя традыцыя, якая пачынае самы адказны для хлебаробаў перыяд -- уборку новага ўраджаю. Хлеб з'яўляецца сімвалам дастатку і найбольшай каштоўнасцю для беларусаў. Колькі сіл і старанняў было ўкладена, каб яго вырасціць. Таму так важна зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб хлеб быў убраны ў кароткія тэрміны і без страт, -- падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч.

 

 

Кіраўнік раёна павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва, пажадаў здароўя, высокіх намалотаў і добрага надвор'я.

 

 

Павіншаваў усіх з пачаткам галоўнай і адказнай кампаніі кіраўнік ААТ «Васілішкі» Антон Бурнос:

 

-- Шлях ад насення да коласа быў нялёгкім. Але вы, нашы аграрыі, добрасумленна гадавалі хлеб. Аднак вырасціць ураджай -- гэта паўсправы. Упэўнены, і сёлета, у Год якасці, падчас уборачнай кампаніі зладжана папрацуюць нашы хлебаробы і забяспечаць харчовую бяспеку краіны. Давядзецца трымаць іспыт на прафесіяналізм, арганізатарскія здольнасці, адданасць і згуртаванасць, каб сумеснымі намаганнямі ўбраць шчодрую збожжавую ніву.

 

 

Потым у поле выйшлі жнейкі ў традыцыйных беларускіх касцюмах, сярпамі зрэзалі першыя каласы і акуратна звязалі іх у сноп, які з добрымі пажаданнямі і надзеяй на багаты ўраджай уручылі начальніку вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Івану Кімашэўскаму.

 

 

 

-- Сёлета гэта мая 34-я ўборачная кампанія, -- адзначыў Іван Феліксавіч. – Мы ўжо пачалі ўбіраць азімы ячмень, ураджайнасць якога складае 65 ц/га. Гэта дастойны вынік. У нашай гаспадарцы збожжавы клін займае 6900 га. Акрамя таго, нам трэба будзе ўбраць 1500 га рапсу. Усяго на ўборцы будуць задзейнічаны 24 камбайны. Галоўнае, каб зараз не падвяла тэхніка і надвор'е, усё астатняе -- справа рук вяскоўцаў, настроеных сабраць ўраджай якасна і ў вызначаныя тэрміны.

 

 

Свята хлеба не ўяўляецца і без духмянага каравая. Выпечаныя з мукі ўраджаю мінулага года, іх уручылі ганаровым гасцям, кіраўнікам гаспадарак і хлебаробам. Добры настрой прысутным у ясны чэрвеньскі дзень стваралі ўдзельнікі народнага ансамбля песні "Васільковая раніца".

 

 

Як і належыць па народных традыцыях, айцец Дзмітрый і ксёндз Станіслаў у малітве блаславілі ўсіх на новае жніво, здароўе і дабрабыт і акрапілі святой вадой тэхніку, палеткі і механізатараў, якія будуць убіраць вырашчаны хлеб.

 

 

…І вось надышоў самы хвалюючы момант: камбайнеры селі за штурвалы караблёў палёў і адзін за адным вывелі тэхніку на хлебную ніву. На днях да ўборачнай кампаніі далучацца і астатнія гаспадаркі раёна.

 

 

Добрага ўраджаю і сонечнага надвор'я вам, хлебаробы! Няхай шчучынскі каравай ураджаю-2024 будзе вялікім і важкім!

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!