Кожнае жыццё бясцэннае. Прайшло пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы Шчучынскага раёна
Чарговае пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы Шчучынскага раёна прайшло на гэтым тыдні ў Доме Саветаў. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі рэалізацыю ў нашым раёне Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021 – 2025 гады і вызначылі галоўныя дэмаграфічныя праблемы раёна.
Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяны Цюсінай. Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі сацыяльнай сферы раёна, медыцыны і адукацыі. Акрамя таго, на пасяджэнні прысутнічаў намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Сяргей Букін.
Удзельнікі мерапрыемства разгледзелі шэраг важных пытанняў. Так, быў заслуханы даклад аб узаемадзеянні праваахоўных органаў з установамі аховы здароўя па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовы знаходжання ў іх”.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі расказаў прысутным аб выніках выканання Дзяржпраграмы “Сям’я і дзяцінства” і Дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021 – 2025 гады.
Сярод актуальных дэмаграфічных праблем нашага раёна апошніх гадоў Таццяна Цюсіна выдзеліла самазабойствы. Статыстыка ў гэтым кірунку сумная і прымушае задумацца аб шляхах вырашэння праблемы.
Летась частата самазабойстваў у раёне была ў 1,8 раза вышэй, чым сярэднеабласная. За 5 месяцаў гэтага года ў Шчучынскім раёне было ўчынена 6 самазабойстваў, што склала 9,5% ад усіх выпадкаў у Гродзенскай вобласці.
Як адзначыў Сяргей Букін, самазабойствы ўчыняюцца без залежнасці ад узросту, полу ці веравызнання. Тут мае месца вялікая колькасць фактараў.
– Статыстыка сведчыць аб наяўнасці сістэмы, наяўнасці агульных уласцівасцяў, якія характэрны для суіцыдаў, што здзяйсняюцца на тэрыторыі нашай вобласці, – заўважыў Сяргей Букін. – З майго пункту гледжання, вырашэнне праблемы заключаецца ва ўкараненні арганізацыйнай мадэлі прафілактыкі самазабойстваў. Для гэтага нам трэба дакладна вызначыць мэтавую групу людзей, на якіх будзе накіравана гэта сістэма. Таксама важна разумець, якія інструменты мы будзем выкарыстоўваць для дасягнення мэты.
Падчас абмеркавання арганізацыйнай мадэлі прафілактыкі самазабойстваў была адзначана важнасць устанаўлення немедыцынскіх фактараў, якія могуць прывесці да трагедыі. Вялікая роля ў гэтай сістэме надаецца псіхолагам. Немалаважным было вызначана фарміраванне антысуіцыдальнага грамадскага меркавання і распрацоўка рэкамендацый для суб’ектаў прафілактыкі.
Мяркуецца, што ўкараненне арганізацыйнай мадэлі прафілактыкі паспрыяе зніжэнню ўзроўню суіцыдаў на тэрыторыі нашага раёна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.