Ад вызвалення да незалежнасці. Чарговы адзіны дзень інфармавання быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Раённая інфармацыйная група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Цюсінай наведала прадпрыемства “Гроднааблаграхімізацыя”, дзе сустрэлася з працоўным калектывам.

 

У склад інфармацыйнай групы ўвайшлі таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Мельнікаў і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Малюгін.

 

 

Чарговы дзень інфармавання быў прысвечаны знакавай даце – 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З дакладам па галоўнай тэме “Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці” выступіла Таццяна Цюсіна. У сваёй прамове яна акцэнтавала ўвагу на легендарнай наступальнай аперацыі “Баграціён”:

 

– Вы ўсе ведаеце, што не менш як кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ключавую ролю ў набліжэнні Вялікай Перамогі адыграла беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”. Нанясенне цяжкага паражэння нямецкай групе армій “Цэнтр” было ўжо на першым этапе аперацыі. 25-28 чэрвеня 1944 года нашы войскі акружылі і разбілі віцебскую групіроўку ворага. 26 чэрвеня Першым Прыбалтыйскім фронтам быў вызвалены Віцебск. Адначасова з гэтым салдаты Другога Беларускага фронта вызвалілі 28 чэрвеня Магілёў. Выключнае значэнне для прасоўвання савецкіх войск мела вызваленне нашай сталіцы – горада Мінска, якое пачалося раніцай 3 ліпеня. Да канца дня войскі Першага і Другога Беларускіх франтоў ачысцілі сталіцу БССР ад нямецкіх салдат. Наступленне было настолькі імклівым, што вызваленне Мінска адбылося на 4 дні раней, чым першапачаткова планавалася аперацыяй “Баграціён”. На другім этапе аперацыі была вызвалена заходняя частка Беларусі. 16 ліпеня быў вызвалены Гродна, крыху раней – 12 ліпеня – горад Шчучын.

 

 

Як адзначыла Таццяна Цюсіна, наступальная аперацыя “Баграціён” мела выключнае значэнне для Беларусі, бо без гэтай перамогі не было б ні беларускага народа, ні беларускай дзяржаўнасці. Менавіта таму 3 ліпеня – вечны сімвал свабоды і любові да Радзімы.

 

Важныя тэмы закранулі іншыя спікеры. Так, начальнік РАУС Аляксандр Мельнікаў расказаў прысутным аб крымінальнай сітуацыі ў раёне і прафілактыцы злачынстваў. Асобна прагучала тэма незаконнага абароту наркотыкаў. Андрэй Навіцкі абмеркаваў з працоўным калектывам тэму вытворчага траўматызму і расказаў аб сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. Правілы бяспечнага адпачынку на прыродзе і бяспекі на вадзе нагадаў прысутным Аляксандр Малюгін. Таксама ён надаў увагу тэме бяспекі дзяцей падчас канікулаў.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!