Вярнуліся з перамогай. ФК “Шчучын” згуляў у Скідзелі з мясцовай камандай ФСК “Гродзенскі” у рамках чэмпіянату вобласці па футболе
ФК «Шчучын» працягвае свой удзел у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па футболе сярод каманд Другой лігі. На мінулых выхадных наша каманда праводзіла выязны матч супраць суседзяў са Скідзеля – ФСК “Гродзенскі”. Гульня прайшла ў рамках 5 тура.
Перад матчам са “Шчучынам” скідзельская каманда ў 4 туры чэмпіянату здабыла сваю першую перамогу ў гэтым сезоне. У матчы супраць дэбютанта спаборніцтваў – ФСК “Бераставіца” скідзельцы змаглі забіць тры безадказныя мячы ў вароты сапернікаў. Нагадаем, што Шчучын у мінулым туры перамог у напружаным матчы ваўкавыскую “Змену” з лікам 2:1.
Пачатак суботняга матча “Шчучына” супраць ФСК “Гродзенскі” пачаўся з упэўненай гульні гасцей. Наша каманда з першых хвілін навязала саперніку тэмп гульні і займела ініцыятыву. Вынікам такіх наступальных дзеянняў шчучынцаў стаў хуткі гол Кірыла Тарасюка, які выніковым стрэлам вывеў нашу каманду наперад. Паўнавартасна адказаць на прапушчаны мяч скідзельцы не змаглі, небяспекі каля варот “Шчучына” яны стваралі мала. У сваю чаргу шчучынскія футбалісты некалькі разоў упэўнена прарываліся ў штрафную саперніка, дзе ў адным з момантаў прымусілі гаспадароў поля парушыць правілы. Упэўнена рэалізаваўшы пенальці, другі гол за “Шчучын” забіў Мікіта Карпук. З лікам 0:2 на карысць нашай каманды матч і скончыўся. Віншуем шчучынцаў з перамогай!
Наступную гульню чэмпіянату вобласці шчучынцы правядуць дома на гарадскім стадыёне “Алімп”. У госці да нашай каманды завітае зэльвенская “Чайка”, матч адбудзецца ў нядзелю, 2 чэрвеня. Прыходзьце падтрымаць нашых хлопцаў!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.