Нам ёсць чым ганарыцца. Чарговы адзіны дзень інфармавання прайшоў на тэрыторыі Шчучынскага раёна
На гэтым тыдні ў нашым раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Кіраўнік абласной інфармацыйнай групы, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка разам з раённай інфармацыйнай групай на чале са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Аляксеем Садоўскім сустрэліся з працоўнымі калектывамі гарадской гімназіі і СШ № 1.
Чарговы дзень інфармавання быў прысвечаны ключавым аспектам Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. З дакладам па гэтай тэме перад прысутнымі выступіў Анатолій Дарожка:
– У першую чаргу ў сваім пасланні Прэзідэнт ацаніў сітуацыю і абстаноўку, якая складваецца вакол нашай краіны. З гісторыі мы ведаем, што Беларусь заўсёды знаходзілася на скрыжаванні разнастайных меркаванняў і інтарэсаў, якія часта суправаджаліся войнамі. Наша зямля неаднаразова станавілася тэатрам баявых дзеянняў. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што менавіта ў гэтых складаных умовах загартавалася наша нацыя, мы змаглі выстаяць і вынесці ўрокі з гісторыі. Гэты тэзіс пацвярджаецца вынікамі развіцця нашай краіны за апошнія тры дзесяцігоддзі. Нам ёсць чым ганарыцца, аб’ём эканамічнай вытворчасці за гэты перыяд вырас больш чым у 4 разы. Сур’ёзныя захады былі зроблены ў паліва-энергетычнай галіне. Значных поспехаў мы дасягнулі і ў сельскай гаспадарцы. Так, наша краіна пры адносна невялікай плошчы і 9 мільёнах насельніцтва ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце і ў дваццатку па экспарце мясной прадукцыі.
Гучалі ў пасланні Прэзідэнта і актуальныя праблемы нашай краіны. Напрыклад, адной з асноўных пагроз для развіцця Беларусі была названа дэмаграфічная праблема. Па разліках вучоных, на нашай тэрыторыі камфортна могуць пражываць каля 30 мільёнаў чалавек, што ў некалькі разоў перавышае цяперашнюю колькасць насельніцтва Беларусі.
Важныя тэмы закранулі і іншыя спікеры. Так, часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Раман Далідзік расказаў прысутным аб супрацьдзеянні злачынствам у сферы высокіх тэхналогій і прафілактыцы крадзяжоў сродкаў з карт-рахункаў грамадзян. Начальнік РАНС Аляксандр Малюгін закрануў у сваім выступе тэму пажарнай бяспекі і бяспекі дзяцей на канікулах.
Пра забеспячэнне бяспекі дзяцей пры арганізацыі іх аздараўлення ў летні перыяд расказаў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі.
– Усяго на тэрытыторыі Шчучынскага раёна гэтым летам будуць аздараўлівацца 1424 дзіцяці ў 25 лагерах, – адзначыў Павел Тарчынскі.
У прысутных была магчымасць задаць актуальныя пытанні і іншым удзельнікам інфармацыйнай групы, сярод якіх былі пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ Вольга Балько і дырэктар РУП ЖКГ Аляксандр Карповіч.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.