Кубак едзе ў Шчучын! МФК “ФСК Шчучын” – чэмпіёны Гродзенскай вобласці па міні-футболе

 

Гэтымі выхаднымі адбыліся вырашальныя матчы Чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2023/2024. Чатыры лепшыя каманды прынёманскага рэгіёна, сярод якіх былі “Карэлічы”, “Іўе”, “BUTIKAVTO” з Ліды і “ФСК Шчучын”, сабраліся ў Навагрудку, каб высветліць, хто з іх варты стаць чэмпіёнам і забраць трафей.

 

У паўфінальным матчы шчучынцы сустрэліся з “Карэлічамі”. Гульня стала сапраўдным псіхалагічным выпрабаваннем для нашай каманды, бо трыбуны навагрудскага фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Лідар” былі амаль цалкам забітыя заўзятарамі з суседняга Карэліцкага раёна, якія гучна падтрымлівалі сваю каманду. Аднак вынікам сустрэчы стала перамога нашай дружыны з лікам 3:0.

 

 

У паралельнай паўфінальнай сустрэчы пуцёўку ў матч за першае месца забралі лідскія футбалісты з “BUTIKAVTO”, яны перамаглі “Іўе” з лікам 4:1. Такім чынам, пара фіналістаў выглядала так: “ФСК Шчучын” – “BUTIKAVTO”.

 

 

І вось гучыць стартавы свісток, фінальны матч пачынаецца. Гэтым разам у шчучынцаў была адчувальная падтрымка на трыбунах. Даволі шмат людзей прыехала падтрымаць каманду з нашага раёна, таксама заўзелі за “Шчучын” некаторыя мясцовыя балельшчыкі з Навагрудка, якія, па ўсім відаць, упадабалі атакуючы футбол шчучынцаў. Наша каманда пачала матч з актыўных атакуючых дзеянняў і працягвалі ствараць моманты напрацягу ўсяго першага тайма. Вынікам такіх дзеянняў сталі чатыры забітыя мячы ў вароты “BUTIKAVTO”, на рахунку саперніка было толькі два галы. Лідскія футбалісты змаглі захапіць ініцыятыву ў свае рукі, але спаўна выкарыстаць патэнцыял сваіх атак не змаглі, бо шчучынцы ўмела гулялі ў абароне. У другой палове сустрэчы каманды забілі па два галы. Такім чынам, фінал скончыўся з лікам 6:4 на карысць нашай каманды. Галамі за “Шчучын” адзначыліся Арцём Байгот, Максім Саўчук, Аляксей Канавалаў і шчучынскі легіянер Ісаак, Аляксей Піліпчык аформіў у гэтым матчы дубль.

 

 

Доўгачаканае чэмпіёнства і трафей вобласці едуць у Шчучын. Віншуем каманду з перамогай і жадаем нашым хлопцам поспеху ў наступных матчах!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Крысціны БАЙГОТ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!