Вытворчы ўчастак “Еўлашы” ААТ “Дэмбрава” па выніках мінулага года прызнаны лепшым сярод падраздзяленняў гаспадарак Шчучыншчыны

Валавы збор зерневых у параўнанні з 2016 годам вырас на 3126 тон і склаў 6830 тон пры сярэдняй ураджайнасці хлебнай нівы 66 ц/га.

– На вытворчым участку “Еўлашы” працуюць сапраўдныя прафесіяналы, людзі, якія не адзін год шчыруюць на сельскагаспадарчай ніве, – так характарызуе сваіх калег галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Станіслававіч Скорб. 
Ніва шчодра аддзячвае хлебаробам за іх клопат: сёлета тут атрымалі добры ўраджай збожжавых, кукурузы, цукровых буракоў, рапсу.
– Агульная плошча нашых сельгасугоддзяў налічвае 2800 га, – гаворыць брыгадзір вытворчага ўчастка “Еўлашы” Юрый Яўгеньевіч Малашка. – Мы строга выконваем усе тэхналогіі, своечасова займаемся хімпраполкай і ўнясеннем угнаенняў. Няма праблем з тэхнікай: трактарны парк вытворчага ўчастка ўкамплектаваны. У нас ёсць 15 трактароў, 2 з якіх – энерганасычаныя.
Дарэчы, Юрый Яўгеньевіч Малашка прысвяціў сельскай гаспадарцы трыццаць восем гадоў. З іх – 33 старанны і мэтанакіраваны брыгадзір узначальвае ўчастак. Адданая праца не застаецца без увагі кіраўніцтва: сёлета Юрый Яўгеньевіч прадстаўляў сваю гаспадарку на абласных «Дажынках» у Свіслачы. 


– Сам міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Л.К. Заяц паціснуў мне руку! – успамінае ўрачысты момант брыгадзір. 
Юрый Яўгеньевіч перакананы, што высокіх паказчыкаў можна дабіцца толькі з дружным калектывам. У яго менавіта такі! 
На ўчастку “Еўлашы” працуюць 24 работнікі. Першыя памочнікі брыгадзіра – аграном Павел Юльянавіч Вярцінскі і механік участка Віктар Іванавіч Янушка. Плячо ў плячо з брыгадзірам працуюць нястомныя хлебаробы. Праявілі сябе падчас уборачнай кампаніі камбайнеры Валерый Раманавіч Вейка і Леанід Станіслававіч Клімук. Бездакорна працуюць Андрэй Часлававіч Малючок, Казімір Казіміравіч і Станіслаў Казіміравіч Куцэйкі, Аляксандр Вацлававіч Богдан, Вацлаў Тадэвушавіч Ціцяк, Аляксандр Яўгеньевіч Саўко і іншыя. 


Дэмбраўскія аграрыі прызналіся, што і зімой работы хапае: яны заняты вывазкай арганікі, дастаўкай на малочнатаварныя фермы саломы, падрыхтоўкай тэхнікі да пачатку вясенне-палявых работ. 
Адзін у полі не воін. Дэмбраўцы добра гэта ведаюць, таму працуюць у цеснай суполцы, падтрымліваюць адзін аднаго. У дружнай каманды і вынікі будуць дастойнымі!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!