Выстава-конкурс «Велікодны падарунак» адкрылася ў Гродне

 

Больш за 70 майстроў Гродзеншчыны прадставілі свае вырабы на выставе-конкурсе «Велікодны падарунак». Сярод экспанатаў – прыклады традыцыйнай беларускай пісанкі, выцінанкі, салома- і лозапляцення, вышыўкі, карункапляцення. Некаторыя былі створаны носьбітамі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, піша "ГП".

 

– Штогадовая выстава «Велікодны падарунак» – цудоўная пляцоўка для дэманстрацыі талентаў рэгіянальных майстроў шырокай публіцы. Па выставе-конкурсу таксама можна сачыць за дынамічным развіццём мясцовых народных брэндаў, – падкрэсліла падчас адкрыцця экспазіцыі намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Сняжана Куратчык.

 

куратчык.jpg

photo_10_2024-03-21_16-41-45.jpg

 

Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Хільмончык расказала, што велікодная экспазіцыя змяшчае не менш чым 200 вырабаў.

 

хільмончык.jpg

 

– Удзельнікі нашай перадсвяточнай выставы прымуць удзел у рэгіянальным фестывалі-кірмашы вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». Яны атрымаюць памятныя ўзнагароды. Спадзяюся, што ў наступным годзе да нас далучыцца яшчэ больш рамеснікаў, якія зараз даведаюцца аб выставе, – падзялілася  Кацярына Хільмончык.

 

photo_8_2024-03-21_16-41-45.jpg

 

Асобную ўвагу арганізатары выставы прысвяцілі галоўнаму сімвалу Вялікадня – пісанцы. Сваёй вытанчанасцю ўражваюць яйкі з пацерак, гліны, аксаміту і, безумоўна, узорыстыя.

 

Звычайна майстры ўключаюць фантазію, бяруць акрылавыя фарбы і адмысловым пэндзлікам наносяць непаўторныя ўзоры. Гэта могуць быць крапінкі ці арнаменты, якімі адрозніваецца традыцыйная беларуская пісанка, – патлумачыла загадчык аддзелам традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага раённага цэнтра культуры Алена Садаўнічая.

 

садаўнічая.jpg

 

Выстава «Велікодны падарунак» чакае гродзенцаў і гасцей горада па 7 мая ў буднія дні з 9.00 да 17.00 па адрасе: вул. Савецкая, 8.

 

grodnonews.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!