Ганаровы пераходны сцяг зноў у Астрынскім сельсавеце. Даведаліся, як развіваецца гэты рэгіён

 

Добрая навіна аб перамозе ў раённым спаборніцтве напаткала калектыў Астрынскага сельвыканкама акурат напярэдадні 8 Сакавіка, таму свята для старшыні сельвыканкама Наталлі Лебядзевіч і яе дружнай жаночай каманды, што называецца, падвоілася.

 

Кіраўнік справамі Алена Цагельнік, інспектары Ірына Шынкевіч, Нэлі Прыстаўка, Кацярына Якімовіч – усе вельмі адказныя, не лічацца з уласным часам, стараюцца аператыўна і якасна выконваць свае службовыя абавязкі, каб жыхарам сельсавета не даводзілася губляць час і лішні раз прыязджаць у Астрыну для вырашэння нейкіх важных жыццёвых пытанняў.

 

– Нашы дзверы заўжды адкрыты для наведвальнікаў. Без зваротнай сувязі немагчыма работа сельвыканкама, – лічыць Наталля Іванаўна. – Таму ні ў якім разе не абмяжоўваемся кабінетнай работай: ідзём да людзей, выяўляем праблемы, збіраем сельскія сходы, праводзім дні інфармавання, разам з вяскоўцамі арганізоўваем суботнікі па добраўпарадкаванні… Важна накіраваць усіх жыхароў сельсавета ў стваральнае рэчышча, каб жыць у бяспецы, згодзе, гармоніі, чыстаце.

 

Ці не таму аблюбавалі Астрыншчыну людзі? За мінулы год дзякуючы папулярызацыі сваёй старонкі сельвыканкам прадаў за адну базавую велічыню шэсць безгаспадарных вясковых хацін і яшчэ два дамы – з аўкцыёну. Агульная сума выручаных сродкаў склала 27650,56 руб. Узаемавыгадна тое, што раней закінутым сядзібам новыя гаспадары дадуць шанц на адраджэнне, а ў вёсках з новай сілай забруіцца жыццё.

 

– Працягваецца мэтанакіраваная работа па максімальным прыцягненні ў бюджэт сельсавета непадатковых даходаў і шляхам продажу зямельных участкаў, – дапаўняе старшыня сельвыканкама. – У мінулым годзе жадаючым працаваць на ўласных палетках было прададзена 6,5 гектара зямлі. Ад гэтай здзелкі атрымана 15420 рублёў. Капейка да капейчыны, і такім чынам мы мінімізіруем дзяржаўныя датацыі, маем магчымасць правесці пэўныя работы па добраўпарадкаванні за ўласныя грошы.

 

У рабоце па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі задзейнічаны мясцовыя арганізацыі, насельніцтва, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Летась быў распачаты рамонт дарогі Алішкаўцы – Філявічы, які завершыцца ўжо ў красавіку. Жыхары аграгарадка Новы Двор задаволены, што ў іх дамы прыйшла чыстая вада. Астрынскі ўчастак РУП ЖКГ тут правёў значныя работы па будаўніцтве станцыі абезжалезвання, артэзіянскай свідравіны, воданапорнай вежы з мадэрнізацыяй водаправоднай сеткі. А па вуліцы Слатвінскага ў Астрыне дзеля якаснага перакачвання сцёкавых вод прадугледжана мадэрнізацыя трубаправода і напорнага калектара.

 

– Сёлетні год павінен быць не меней стваральным, – лічыць Наталля Лебядзевіч. – Маштабны рамонт чакае Астрынскую СШ імя А.С. Пашкевіч (Цёткі). Дырэктар школы падпісала дагавор на набыццё мікрааўтобуса для падвозу навучэнцаў на новы навучальны год. Гэта доўгачаканыя і радасныя для нас падзеі, калі дзеці сапраўды ў прыярытэце. Дарэчы, цэнтр вольнага часу “Спадчына” Шчучынскага ПТДіМ пераехаў у іншае памяшканне, а пакінуты старадаўні будынак будзе мадэрнізаваны пад сучасны жылы дом на некалькі кватэр. Так што Астрыну зноў чакаюць наваселлі. Тэрыторыя ўстойліва развіваецца, людзі шчыра любяць сваю малую радзіму, і гэта галоўнае.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!