Дванаццаць медалёў у шчучынскіх атлетаў. Зборная нашага раёна вярнулася з першынства вобласці
З 6 па 7 сакавіка ў Слоніме праходзіла першынство Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2010 года нараджэння і маладзей. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў была і шчучынская дружына. Нашы атлеты добра паказалі сябе і прывезлі са Слоніма 12 медалёў.
У агульным заліку шчучынская каманда заняла трэцяе месца, набраўшы 240 ачкоў. Зусім крыху не хапіла, каб апярэдзіць срэбраных прызёраў – Мастоўскі раён, яны набралі 243 турнірныя балы. Першае месца заняла зборная Навагрудскага раёна, у іх 263 ачкі.
Вялікіх поспехаў шчучынцы дасягнулі ў індывідуальным заліку. Так, Уладзіслаў Антановіч стаў срэбным прызёрам ў бегу на 600 метраў і бронзавым прызёрам у бегу на 300 метраў. Вікторыя Кузьміцкая прынесла нашай зборнай другое месца ў скачках у вышыню. Таксама другую п’едэстальную прыступку заняў у трайным скачку Данііл Кургун, ён жа прынёс камандзе бронзу ў скачках у вышыню.
Шчучынец Сяргей Тарасевіч заваяваў два срэбныя медалі на спаборніцтвах па спартыўнай хадзе на два і тры кіламетры. Таксама ў гэтай дысцыпліне медалі меў Максім Давыдзенка, ён заняў два трэціх месца.
Шчучынка Эмілія Жалязняк заваявала два бронзавых медаля ў спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе на два і тры кіламетры. Яе напарніца па камандзе Яна Дабравольская ў асабістым заліку заняла трэцяе месца ў бегу на 2000 метраў.
Прызавых месцаў не занялі, але зрабілі важны ўнёсак ў вынік каманды Кірыл Вербаль і Вікторыя Мулярчык.
Падрыхтоўкай зборнай Шчучынскага раёна займаліся трэнеры Уладзімір Дзікевіч, Аляксандр Павядайка і Віктар Лісоўскі. Віншуем нашых спартсменаў і трэнераў з добрым вынікам!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва Уладзіміра Дзікевіча.