Беларусь убачыла, як калядуюць у Бабічах

 

І ўсё дзякуючы папулярнай перадачы “Наперад у мінулае”, што ў нядзелю раніцай выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3”. Здымачная каманда праекта ўжо не раз наведвалася на Шчучыншчыну і заўжды вярталася ў сталіцу з багатым скарбам нашай фальклорнай спадчыны. Так атрымалася і падчас нядаўняй экспедыцыі ў аграгарадок Дэмбрава і прынеманскую вёску Бабічы, дзе беражліва захоўваюць мясцовыя песні, танцы і абрады.

 

Адзін з апошніх выпускаў папулярнай тэлеперадачы быў прысвечаны народным песням, якія выконваюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору, і знакамітай “Дэмбраўскай кадрылі”, што ўнесена ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны. Узорны калектыў “Скарбоначка” яскрава прадэманстраваў не толькі харэаграфічнае майстэрства і адметнасць свайго народна-побытавага танца, але і пераемнасць пакаленняў.

 

 

Застаюцца вернымі лепшым народным традыцыям і энтузіясты з Ракавіцкага сельскага Дома культуры, якія штогод з абрадавымі песнямі, прыказкамі і прымаўкамі віншуюць сельскіх жыхароў, прыносяць у іх дамы сапраўдную радасць і добры настрой. Ды не толькі ў аграгарадку дарылі свята землякам пераапранутыя ў калядных персанажаў аматары даўніны. З задавальненнем завіталі яны і да жыхароў глыбінкі – у вёску Бабічы.

 

 

– Самае галоўнае, што ўсе ўдзельнікі тэлеперадачы засталіся задаволенымі яе вынікам, – гаворыць загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы РЦКіНТ Галіна Петушок. – Каштоўна тое, што нашы мясцовыя песні дзякуючы праекту “Наперад у мінулае” набываюць новае гучанне. Напрыклад, удзельніцы народнага ансамбля “Вяргіня” ўхвальна ўспрынялі сучасную версію адноўленай песні з іх рэпертуару, бо аранжыроўка захавала самабытнасць і душу народнага твора. Кожнаму з нашых мастацкіх калектываў, якія здымаліся ў праекце, удалося паказаць сваю цікавостку, свой каларыт.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Галіны ПЕТУШОК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!