У гімназіі г. Шчучына з поспехам праходзіць пастаноўка батлейкі – беларускага народнага лялечнага тэатра
Не, гэта не які-небудзь вядомы тэатр прывёз у гімназію калядную пастаноўку. З ролямі акцёраў выдатна спраўляюцца вучні 7 “А” класа. А ідэя стварэння батлейкі належыць іерэю Сергію Сямашка – клірыку прыхода храма Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне, і настаўніцы гісторыі, кіраўніку факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” Алене Лісоўскай.
…У актавай зале гімназіі цішыня. Трэцякласнікі, для якіх разыгрываецца святочная п’еса, затаіўшы дыханне сочаць за тым, што адбываецца на сцэне. Згодна з біблейскім сюжэтам, на свет з’яўляецца Ісус Хрыстос, а цар Ірад гэтым вельмі незадаволены, таму што думае, што Ісус стане замест яго царом. І ён хоча знішчыць нованароджанага Боганемаўлятка. Толькі ў яго нічога не атрымліваецца.
Выдатная гульня акцёраў, калядны антураж, таямнічы аганёк свечкі, якую запаліў айцец Сергій, – усё гэта стварыла асаблівую святочную атмасферу. І калі адразу пасля прадстаўлення загучалі “Калядкі” ў выкананні Аляксандры Васюк і Анастасіі Прыстаўкі, рабяты дружна падхапілі словы песні, і яна загучала з асаблівым пачуццём. Дарэчы, музычнае суправаджэнне дапамагла арганізаваць рабятам педагог-псіхолаг Дзіяна Навагродская.
– Усе акцёры – навучэнцы факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, – расказвае Алена Яўгеньеўна. – Яны ўсе згадзіліся прымаць удзел у батлейцы і вельмі стараліся. Нашым юным гледачам падабаецца і форма падачы п’есы, і музычнае суправаджэнне, і асвятленне.
– Я наведваю факультатыў ужо другі год, – гаворыць Маргарыта Назіма. – На занятках мы вучымся шанаваць галоўныя чалавечыя каштоўнасці, многа даведаліся пра нараджэнне і місію Ісуса Хрыста. Прымаць удзел у батлейцы я згадзілася адразу, таму што мне вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў ролі актрысы. Аказалася, гэта не так проста. Я агучваю Анёла і Дзеву Марыю. Тэксту многа, у патрэбных месцах важна не памыліцца і не забыць змяніць голас.
– Сёння мы паказвалі п’есу трэці раз, – гаворыць Іван Сазановіч. – Напэўна, самымі ўдзячнымі гледачамі былі першакласнікі. І няхай яны не ўсё адразу зразумелі, але за падзеямі, якія разгортваліся на сцэне, яны сачылі вельмі ўважліва. Мы плануем паказаць прадстаўленне для 1-7 класаў.
Святлане Сугай давялося выконваць вельмі няпростую ролю – ваякі. Але справілася яна выдатна, і менавіта яе героя лепш за іншых запомнілі гледачы. Міхаіл Стрэльчань агучваў адразу трох персанажаў: пастуха, саветніка і валхва. А вось самая, напэўна, адказная місія была ўскладзена на Арыну Мінькову і Камілу Малашка – яны кіравалі фігуркамі герояў пастаноўкі, і не адной, а адразу некалькімі.
– Вельмі важна было не пераблытаць, на які ўзровень выводзіць кожнага персанажа, – тлумачыць айцец Сергій. – Кожны з іх павінен знаходзіцца на сваім узроўні. Напрыклад, Дзева Марыя ніколі не магла быць на ніжнім узроўні батлейкі, а цар Ірад – на верхнім.
Увогуле, скрыня для батлейкі з’явілася ў гімназіі пасля паездкі настаўнікаў раёна і айца Сергія ў Мінск на сустрэчу з протаіерэем Фёдарам Повным яшчэ тры гады таму. Гэта айцец Фёдар прапанаваў стварыць такі тэатр. І вось яго прапанова была рэалізавана.
– Афармленнем батлейкі займалася настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі Алена Сяховіч, – расказаў айцец Сергій. – Яна выдатна сумясціла багаслоўе, візантыйскі стыль і нацыянальны беларускі каларыт. Доўга вялася работа над сцэнарыем. Гатовага варыянта, якім можна было скарыстацца для пастаноўкі, мы знайсці не змаглі, таму перапрацоўвалі той, што найбольш падыходзіў. А затым былі рэпетыцыі, падчас якіх нашы юныя акцёры вучыліся кіраваць героямі на сцэне і развучвалі свае ролі. Некалькі месяцаў работы Алены Яўгеньеўны і вучняў – і вось сёння мы бачым рэзультат. Калі меркаваць па водгуках дзяцей, пастаноўка іх зацікавіла.
П’еса, якую паказваюць гімназісты, успрымаецца па-асобаму ў гэтыя перадсвяточныя дні, напярэдадні Раства Хрыстова. А выкарыстанне батлейкі – гэта яшчэ адзін крок да адраджэння нашай беларускай культуры: гэты лялечны тэатр вядомы ў нашай краіне яшчэ з пачатку 16 стагоддзя. Вельмі важна вучыць дзяцей ведаць сваю гісторыю і шанаваць сваю культуру.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.