Прыгажосць і камфорт за акном. Пачаўся бягучы рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля дамоў № 26, 28 і 30 па вуліцы Заводскай

 

З кожным годам Шчучын прыгажэе. Гарадская прастора напаўняецца цікавымі і карыснымі аб’ектамі, рэстаўруюцца фасады дамоў. Аднак не менш важна падтрымліваць у належным стане і ўнутраныя дваровыя тэрыторыі. Так, нядаўна пачаўся бягучы рамонт і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі каля будынкаў № 26, № 28 і № 30 па вуліцы Заводскай.

 

Працы на аб’екце выконвае рамонтна-будаўнічая брыгада РУП ЖКГ пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Дзяніса Кавальчука і брыгадзіра Уладзіміра Станкевіча. Перад будаўнікамі стаіць задача вырашыць шэраг важных праблем дваровай тэрыторыі, якія доўгі час перашкаджалі камфортнаму жыццю жыхароў гэтых дамоў.

 

 

Адна з праблем заключалася ў сапсаванай сістэме адводу вады. Раней капрызы надвор’я адчувальна адбіваліся на двары, робячы з яго балота. Цяпер жа будаўнікі ўстановяць тут новы бетонны латок, які значна спросціць адвод асадкаў.

 

Таксама тут запланаваны дэмантаж і замена старога асфальтабетоннага пакрыцця. Будуць рэстаўравацца бардзюры, якія ў некаторых месцах ужо не маюць бартавога каменя. Яшчэ будаўнікі добраўпарадкуюць тратуары і заменяць на іх плітку.

 

 

Да адной з галоўных праблем двара адносяць і недахоп парковачных месцаў, таму было прынята рашэнне павялічыць іх колькасць. Новыя стаянкі для аўтамабіляў будуць выкладзены тратуарнай пліткай, а на зялёнай зоне давядуць да ладу газон.

 

 

Таксама планам бягучага рамонту прадугледжана рэстаўрацыя прыступак ля ўваходных груп.

 

Кошт праекта ацэньваецца ў 300 тысяч рублёў. Поўны аб’ём будаўнічых прац будзе скончаны ў наступным годзе, каб не парушаць тэхналагічны працэс работамі ў марознае надвор’е.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!