“Для мяне важна перадаць эстафету прафесіяналізма.” Наталля Дабрук шчодра дзеліцца вопытам з моладдзю

 

Так лічыць Наталля Дабрук, якая на працягу 38 год бездакорна працавала ў Каменскім сельвыканкаме. Сёлета кіраўнік спраў пайшла на заслужаны адпачынак, але любімая работа “не адпускае”. Наталля Іванаўна – часты госць у сваіх калег.

 

 – Кардынальна змянілася праца ў сельвыканкаме, – разважае Н.І. Дабрук. – Раней у наш штат уваходзіла пяць чалавек, а зараз старшыня і кіраўнік справамі павінны з усім спраўляцца ўдваіх, хоць абавязкаў хутчэй прыбавілася, чым зменшылася. Хочацца маральна падтрымаць маю пераемніцу Алу Касцевіч, якая сёння старанна ўнікае ў асаблівасці і ўсе тонкасці нашай справы, а галоўнае – знаёміцца з рэгіёнам і яго насельніцтвам, надзённымі запытамі вяскоўцаў. Бо сельсавецкая работа – гэта найперш работа з людзьмі.
Сама ж Ала Альбертаўна лічыць Наталлю Іванаўну сваім настаўнікам у новай для яе прафесіі, часта звяртаецца за парадай і заўсёды адчувае нязменную добразычлівасць гэтай жанчыны, яе шчырае жаданне даступна і зразумела ўсё растлумачыць, перадаць свой багаты досвед. Уменне арыентавацца ў заканадаўстве і ўсіх нюансах адміністрацыйных працэдур, веданне базы “Эталон” і ўвогуле праграмнага забеспячэння, эрудыцыя, талент заваёўваць давер людзей – усё гэта вельмі патрэбна кіраўніку спраў сельвыканкама.

 

– Хоць і не працую ўжо пэўны час, а мне па-ранейшаму тэлефануюць, просяць пракансультаваць, нешта растлумачыць. Вядома, чыста па-чалавечы я не магу адмовіць, – дзеліцца Наталля Дабрук. – Дый сама адчуваю зваротную сувязь з землякамі, калі аднавяскоўцы прыязна вітаюцца, цікавяцца справамі, выказваюць сваю павагу. Гэта самы каштоўны скарб. У такія хвіліны разумееш, што нездарма аддавала любімай рабоце свае сілы і энергію …

 

Наталля Іванаўна была і застаецца завадатарам добрых спраў. Каля іх шматкватэрнага дома ў Каменцы раскінуўся сад, які калісь іх маладая сям’я разам з дзецьмі пасадзіла на пустцы. Дачушкі выраслі, падрастаюць ужо і ўнукі, а сад, як ні сумна, састарыўся. Але нядаўна Дабрукі разам з суседзямі ўстроілі суботнік, абрэзалі дрэўцы, прыбралі голле, і сад нібыта памаладзеў, набраў новую сілу і сталую прыгажосць. У планах зрабіць лавачкі ўздоўж яблыневых алей, каб усім было зручна і радасна. Жыццё працягваецца…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!