“Развіваючы тэрыторыю, развіваем краіну”. Аб прыярытэтах у сваёй рабоце расказвае старшыня Каменскага сельвыканкама Сяргей Панас
На працягу амаль двух гадоў доўжыўся творчы праект “Мясцовы мерыдыян”, у выпусках якога карэспандэнты “Дзянніцы” рэгулярна знаёмілі нашых чытачоў з жыццём, унікальнымі людзьмі і падзеямі ў сельсаветах Шчучынскага раёна, з развіццём мясцовага самакіравання і тым, як рэалізуюцца ініцыятывы знізу. Кожны рэгіён – гэта свае адметнасці і цікавосткі, працоўныя будні і яркія святы, традыцыі і планы на будучае.
Сёння мы завяршаем праект “Мясцовы мерыдыян” (бо пабывалі ўжо ва ўсіх сельсаветах!) расповедам аб каменскім краі – утульным і самабытным куточку на карце Шчучыншчыны. Але тэма сельсавецкага жыцця, роля дэпутатаў і сельскага актыву, мясцовага самакіравання і далей будзе грунтоўна асвятляцца на старонках “Дзянніцы”.
Сёння наш суразмоўца – старшыня Каменскага сельвыканкама Сяргей Панас, які працуе на гэтай пасадзе з 2007 года.
– Сяргей Анатольевіч, якімі клопатамі напоўнены ў гэтыя восеньскія дні Вашы працоўныя будні?
– Той ці іншы сезон, безумоўна, накладвае пэўны адбітак на маю работу. Да прыкладу, зараз уся ўвага пытанням бяспекі жыццядзейнасці, бо большасць нашага насельніцтва карыстаецца пячным ацяпленнем. Таму няспынна даводзім, наколькі трэба быць пільнымі – скрупулёзна выконваць усе патрабаванні пажарнай службы.
Але ў любы час года для нас надзвычай важна ведаць і вывучаць запыты і рэальныя патрэбы насельніцтва, аказваць неабходную дапамогу ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў не толькі ў цэнтры, але і ў аддаленых населеных пунктах. Члены агляднай камісіі нефармальна падыходзяць да выканання сваіх задач. На сумленне “адпрацавалі” ўсе 19 вёсак сельсавета. Цяпер на кантролі выяўленыя недахопы. Варта сказаць, што большасць нашых землякоў адказна ставяцца да патрабаванняў бяспекі, своечасова ўстараняюць хібы – ці то са старой электраправодкай, ці то з печкай. Людзі разумеюць, што гэта ў іх інтарэсах, а не дзеля камісіі.
Вельмі дапамагаюць ва ўсіх справах органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Актыўна працуюць нашы старасты вёсак Алена Шэўчык, Ядвіга Кургун, Галіна Калеснік і многія іншыя. Менавіта праз іх ідзе работа па арганізацыі сельскіх сходаў, добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў населеных пунктах і г.д.
Старасты вёсак дапамагаюць работнікам сельсавета знайсці адрасы сваякоў былых уладальнікаў пустуючых дамоў, каб вызначыцца з далейшым лёсам той або іншай пабудовы. Толькі ў Грамавічах за апошні час знеслі 7 старых сядзібаў. Многае зроблена і па добраўпарадкаванні вёскі Залесна, куды быў падведзены прыродны газ, дзе пабудавана жыллё для спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Летась зроблены капітальны рамонт дарогі Каменка – Залесна. Цяпер праз вёску пралягае новае дарожнае пакрыццё – асфальтавае замест гравійнага.
– На развіццё тэрыторыі непасрэдна ўплывае эканамічная стабільнасць мясцовай гаспадаркі…
– Цяжка перабольшыць ролю СВУ “Пратасаўшчына” ВРУП “Гроднааблгаз” і яго кіраўніка, дэпутата Віктара Семяновіча ў добраўпарадкаванні, газіфікацыі, павышэнні культуры земляробства, занятасці мясцовага насельніцтва, замацаванні маладых кадраў. Многае робяць для падтрымкі інфраструктуры і навядзення парадку на зямлі РУП ЖКГ, дарожная служба, меліяратары, энергетыкі… Так, у населеных пунктах сельсавета цалкам заменены старыя ліхтары на светадыёдныя – усяго больш за 170 свяцільнікаў! Камунальнікі ўстанавілі кантэйнеры па зборы бытавога смецця: на абслугоўванне ўзята 12 вёсак.
Штогод сіламі ДРБУ-161 праводзіцца ямачны рамонт дарог, абнаўляецца дарожная разметка, да пачатку новага навучальнага года быў абазначаны пешаходны пераход па вуліцы Школьнай у Каменцы. Зроблены рамонт дарогі Грамавічы – Шчукі.
– Шчукі – гэта турыстычная вёска. А яшчэ якія мясціны на тэрыторыі сельсавета могуць зацікавіць турыстаў?
– Так, вёска Шчукі магла б увогуле знікнуць з карты раёна, але гэту тэрыторыю ўзяло ў доўгатэрміновую арэнду ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Цяпер тут месцяцца папулярны турыстычны комплекс з прыгожай і зручнай для шырокага спектра турыстычных паслуг інфраструктурай і паляўніча-рыбалоўная гаспадарка “Каменскае”.
Будзе цікава дапытліваму турысту, што ля вёскі Залесна знаходзіцца радавое захаванне сям’і Паўлоўскіх, бацькоў і сваякоў Элізы Ажэшкі – пісьменніцы, публіцыста, грамадскага дзеяча свайго часу. У Каменцы, у касцёле св. Антонія на адной з калон устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар 150-годдзя Элізы Ажэшкі. Менавіта ў гэтым храме калісь хрысцілі будучую пісьменніцу. Не раз яна з сям’ёй прыязджала сюды на набажэнствы, бо яе радавая сядзіба Мількаўшчына адносілася да Каменскай парафіі.
Паходы па месцах баявой славы і ўрокі патрыятызму можна праводзіць ля помнікаў і абеліскаў. Гэтыя святыя мясціны пад нашым пастаянным доглядам, тут праводзяцца мітынгі і патрыятычныя мерапрыемствы. Мы памятаем: за ўсё, што сёння маем, за мірнае жыццё мы абавязаны таму гераічнаму пакаленню.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.