Як брэсцкая скрыпачка стала шчучынскай мастачкай. Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Ірына Хвайніцкая расказала пра свае захапленні

Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Ірына Хвайніцкая – чалавек надзвычай сціплы. Таму мала хто ведае, што яна не толькі клапатлівая мама дваіх дзяцей, але і выдатная скрыпачка і таленавіты мастак. Рознакаляровыя казачныя героі, якіх з дапамогай фарбы і пэндзля стварыла Ірына, прапісаліся ў палатах дзіцячага аддзялення Шчучынскай ЦРБ, а яе рукатворныя працы ўпрыгожваюць шматлікія шчучынскія кватэры. 

Першая скрыпка 
Малая радзіма Ірыны Хвайніцкай – Брэст. Вучылася яна не ў звычайным класе, а ў класе з музычным ухілам і асвойвала азы гульні на скрыпцы. Музыцыравала Ірына выдатна. Скрыпка так і “спявала” ў руках таленавітай вучаніцы. Хутка дзяўчынка трапіла ў ансамбль скрыпачоў. Пачаліся канцэрты і паездкі за мяжу. Аднак было ў маёй суразмоўцы і яшчэ адно вялікае захапленне. 
Маміны матрошкі 
Ірыне заўсёды падабалася маляваць. Не дзіўна. Мама Ірыны – Святлана Васільеўна – ніколі не развітвалася з фарбамі і пэндзлем. Жанчына працавала на брэсцкай фабрыцы сувеніраў: размалёўвала на даму матрошак. Ірына яскрава памятае, як мама прыносіла вялікія сумкі з драўлянымі матрошкамі і наборы фарбаў. Мазок за мазком, і матрошкі ажывалі ў руках жанчыны. Ах, як хацелася Ірынцы дапамагчы маме! Адмовіць руплівай дачцэ было немагчыма і мама выдавала фарбы і пэндзлік. Дзяўчынка малявала вочы матрошкам, а затым з усёй дзіцячай непасрэднасцю назірала за мамінай працай. 
– Матрошкі былі такія прыгожыя! – прызнаецца Ірына. – Кожная – унікальная, распісаная ўручную. Былі маленькія цацкі і складаныя матрошкі па 5-7 штук у наборы. Часам мама купляла драўляныя нарыхтоўкі і распісвала матрошак для мяне і брата. Аднак з цягам часу дома засталося ўсяго некалькі прыгажунь, распісаных мамінай рукой. Астатнія раздарылі сябрам і знаёмым. 
Так драўляныя матрошкі сталі першым крокам у свет мастацтва. 
На стале – чысты ліст 
Ірына малявала тое, што бачыла. 
– Памятаю, раблю ўрокі, а побач са школьным сшыткам ляжыць аловак і папера, – гаворыць мастачка. – Я перамалёўвала аднакласніцам куміраў з плакатаў, часопісаў і календароў. Вельмі любіла маляваць партрэты і нацюрморты. 
Ірына працягвае мне партрэт брата, выкананы алоўкам. Я доўга разглядаю і прыходжу да высновы, што работа – цудоўная! Ірына ўсміхаецца, маўляў, гэта яшчэ дылетанцкі падыход. 
Упэўненасці ў сілах юнай мастачцы дадала абласная алімпіяда. Ірына заваявала другое месца і ўсур’ёз задумалася над паступленнем у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава. Першы блін стаў камяком: мастаку-самавучцы не хапіла ведаў і навыкаў. Аднак Ірына не адчаялася, узялася за кнігі і праз год усё ж такі стала студэнткай гэтай навучальнай установы. 


І тчэ, забыўшыся, рука… 
У Шчучын Ірына Хвайніцкая пераехала ў 1995-ым, калі выйшла замуж. Муж Віталь заўсёды падтрымліваў каханую і натхняў, таму з-пад яе пэндзля пачалі выходзіць прыгожыя карціны і партрэты. 
– Каб намаляваць чалавека такім, які ён ёсць, трэба добра яго ведаць, улавіць яго характар, – пераканана Ірына. 
У нашай гераіні гэта атрымлівалася выдатна. 

 
Са зменай месца жыхарства прыйшлося змяніць і род дзейнасці. Настаўнік малявання і чарчэння асвоіла… ткацтва і пачала весці дзіцячы гурток, які дзейнічаў на базе Цэнтра рамеснай дзейнасці. Так склаўся лёс, што праз пэўны час Ірына перайшла працаваць у Белаграпрамбанк. Жанчына вырашыла, што павінна дакладна разбірацца ў новай справе, таму хутка ў яе “арсенале” з’явіўся дыплом эканаміста. 
– Як жа творчай натуры разабрацца ў сухіх лічбах і падліках? – не ўтрымалася я.
– Эканоміка – гэта таксама творчасць! – здзівіла мяне сваім нечаканым адказам Ірына. – Лічбы можна параўнаць з фарбамі. Адзін, другі мазок – і вымалёўваецца цэлая фінансавая карціна! 
Эканамічная адукацыя спатрэбілася Ірыне і падчас працы ў вузле паштовай сувязі. А вось мастацтва стала хобі. 

 
Малюнкі на сценах 
Ірына Хвайніцкая прызналася, што не толькі стварае карціны, але і піша на … сценах. Напрыклад, дома адна са сцен расквецілася яркімі фарбамі. Гледзячы на малюнак, так і хочацца прайсціся па вуліцах Прагі, менавіта гэты горад намалявала таленавітая мастачка. Аказалася, што размалёўвала Ірына сцены не толькі дома, але і ў сяброў. Адным балкон упрыгожвала, другім – пакоі. 
Калі маёй суразмоўцы прапанавалі распісаць сцены дзіцячага аддзялення Шчучынскай ЦРБ, яна згадзілася. 
– Мне хацелася намаляваць такіх герояў, каб хворыя дзеткі ўсміхаліся, гледзячы на іх. 
І яна намалявала. Гарэзлівыя дзяўчынкі і хлопчыкі, казачныя феечкі, мудрыя гномы, мяккія мядзведзі, залатыя пчолкі… У яе малюнках – сама добрая казка. Дарэчы, юныя пацыенты ацанілі творчасць шчучынскай мастачкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі фатаграфуюцца на фоне малюнкаў і выкладваюць здымкі ў сацыяльныя сеткі. 
Талент не мае межаў 
Ірына Хвайніцкая не спыняецца на дасягнутым. Зараз загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ з задавальненнем асвойвае новыя тэхнікі сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ірына робіць дэкаратыўныя дрэўцы, вазы з паперы, распісвае яйкі і многае іншае. 


– Мяне натхняе мама, якая кожны дзень знаходзіць новыя творчыя ідэі, таленавітыя калегі, якія працуюць побач, і само жыццё, – прызналася наша гераіня.
А, значыць, наперадзе ў Ірыны Хвайніцкай – новыя творчыя праекты і дасягненні.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з асабістага архіва Ірыны Хвайніцкай.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!