“Сям’я – гэта каманда!” Якія перспектывы ўбачылі ў вёсцы Прудцы аматары коннага спорту Павел і Наталля Савіцкія

 

“Сям’я – гэта каманда”. Так па праве лічаць Павел і Наталля Савіцкія. Самі яны спартсмены “са стажам” і дзяцей сваіх выхавалі адпаведна: былі для сваіх дачок першымі інструктарамі і трэнерамі, радаваліся і радуюцца іх спартыўнаму росту, перамогам на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Усю сям’ю аб’ядноўвае захапленне конным спортам і трапяткая любоў да гэтых разумных і грацыёзных жывёлін.

 

Жыхарамі вёскі Прудцы Савіцкія сталі параўнальна нядаўна: у 2017-м купілі тут звычайную сялянскую хату, рэканструявалі яе, узвялі ўсю неабходную інфраструктуру для сваіх даўгагрывых гадаванцаў і канчаткова пераехалі ў глыбінку, аб чым ніколечкі не шкадуюць.

 

Усё на гэтай сядзібе круціцца вакол коней: часам здаецца, што яны – не проста паўнапраўныя, а прывілейныя члены сям’і Савіцкіх.

 

– Напэўна, так яно і ёсць, – смяецца Наталля Генадзьеўна. – Я заўсёды марыла аб сваёй канюшні. А калі ў аграгарадку Верцялішкі была закрыта конна-спартыўная школа, дзе мы з мужам працавалі трэнерамі, доўга не адчайваліся, а сталі шукаць шляхі, каб рэалізаваць даўнюю задумку. Прудцы падкупілі добрай дарогай да Гродна і Шчучына, іншымі камунікацыямі. Тут ёсць сэнс развіваць прыватную ініцыятыву, укладвацца ў развіццё. Плануем у хуткім часе зарэгістравацца як аграсядзіба са спартыўным ухілам. Дзверы нашага дома і зараз адкрыты для тых, хто цікавіцца конегадоўляй і аматарскім спортам.

 

 

Цяпер у новай дыхтоўнай канюшні адмысловых гаспадароў стаяць 12 даўгагрывых прыгажуноў, падрастаюць два сімпатычныя жарабяці. Увогуле Савіцкія хацелі б узяць у арэнду кавалак зямлі, пабудаваць канюшню для жарабят і самім заняцца развядзеннем пародзістых спартыўных коней, бо купляць іх непад’ёмна дорага. Упэўнена, што ў гэтых захопленых, улюбёных у сваю справу энтузіястаў усё абавязкова атрымаецца.
Трэба сказаць, што і Павел, і Наталля з самага дзяцінства ў сядле. У выніку Павел Мікалаевіч – майстар спорту па канкуры. Гэты надзвычай відовішчны від спорту, калі вярхом на кані пераадольваюцца неверагодныя перашкоды і скачкі ўвышыню, патрабуе не толькі доўгіх і ўпартых трэніровак, але і сапраўднай мужнасці. У 1988 годзе П.М. Савіцкі стаў пераможцам на чэмпіянаце СССР па канкуры ў горадзе Горкім (цяпер гэта Ніжні Ноўгарад), было нямала і іншых бліскучых перамог. Дарэчы, цяпер Павел Мікалаевіч працуе слесарам у СВУ “Пратасаўшчына”, а захапленне коньмі – гэта для душы і назаўсёды.

 

 

У Наталлі Генадзьеўны – скарбонка сваіх уласных заслуг. Яна – майстар спорту па трохбор’і, стала чэмпіёнам СССР у 1991 годзе, выйграўшы чэмпіянат краіны, што праходзіў у Варашылаўградзе.
Не меншы ўклад у развіццё коннага спорту гэты супружны дуэт унёс і дзякуючы высокапрафесійнай трэнерскай рабоце, бо Савіцкія падрыхтавалі не адно пакаленне таленавітых спартсменаў. Цяпер іх справу працягваюць дочкі. Калі старэйшая з сясцёр – Святлана – зараз у дэкрэтным водпуску, больш займаецца выхаваннем маленькай дачушкі і сына, чым трэнерскай работай, то з малодшай – Машай – нам удалося пазнаёміцца.

 

– Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, таксама майстар спорту, не раз абараняла гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах – у тым ліку ў Расіі, Кітаі, Германіі, Чэхіі, Польшчы, Літве, Эстоніі, – расказвае дзяўчына.

 

 

Неўзабаве Марыя выводзіць з канюшні свайго ўлюбёнца Антарыа, папросту Антошку, якога з-за халоднага дожджыку клапатліва накрылі імянной гунькай (папонай). Б’е капытам і спрытны вараны Бігсіцілайт, з якім уладарна ўпраўляецца Павел. Гляджу на Савіцкіх, іх прыгожых гадаванцаў у прасторным манежы і ўвачавідкі пераконваюся: сям’я – гэта каманда!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!