Ніколі не здавайся! Паралімпіец і матывацыйны спікер Аляксей Талай правёў сустрэчу ў Шчучыне
“Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут – трава”, – пісаў Васіль Быкаў. І сапраўды ж, характар загартоўваецца менавіта ў цяжкіх жыццёвых абставінах, якія часам вымагаюць ад чалавека самых рашучых дзеянняў. Скарыцца перад выпрабаваннямі лёсу ці працягваць барацьбу – залежыць ад кожнага з нас. Так, часам бывае складана, але ў свеце ёсць людзі, прыклад якіх натхняе дзейнічаць і дапамагае не здавацца. Адзін з іх – Аляксей Талай, які нядаўна наведаў наш раён.
Шмат хто ў Беларусі ведае гэтага чалавека. Застаўшыся ў 16 гадоў без рук і ног, ён не паў духам і сёння дапамагае іншым здабыць веру ў сябе. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, Аляксей Талай падзяліўся сваёй гісторыяй з жыхарамі Шчучыншчыны і расказаў са сцэны аб тым, што дапамагала яму працягваць сваю барацьбу. Актавая зала была поўная, многія хацелі пабачыць і паслухаць чалавека з нязломнай воляй. Асабліва шмат было моладзі, для якой, упэўнены, сустрэча з Аляксеем Талаем мела вялікі сэнс.
Як прызнаўся Аляксей, 8 мая 1999 года стаў днём, калі яго ранейшы свет абрушыўся. Хлопец падарваўся на міне часоў Другой сусветнай вайны і ў адно імгненне страціў рукі і ногі. Дактары не давалі добрых прагнозаў і рыхтавалі сям’ю да непазбежнай смерці хлопца. Аднак Аляксей, нягледзячы на цяжкасць раненняў і шматлікія аперацыі, выжыў. Тады еўрапейскія СМІ назвалі шаснаццацігадовага беларуса апошняй ахвярай той страшнай вайны.
– У мяне было два шляхі: адчаяцца і прыняць сваю бездапаможнасць, стаць хатняй бязвольнай раслінай і цяжарам для бацькоў і брата, альбо пачаць дзейнічаць. Я выбраў дзеянне. Пачаў вучыць сябе быць у новым целе. Псіхіка супраціўлялася, але важна было прымусіць сябе ўсвядоміць, што гэта непазбежна, што назад шляху няма, – дзеліцца Аляксей.
Аляксей нікога не абвінавачваў у тым, што здарылася, не шкадаваў сябе. Гэта, на думку матывацыйнага спікера, асноватворны фактар выжывання. Усё залежыць толькі ад цябе. Часта мы ўспрымаем уласныя праблемы, як самыя складаныя, цяжкія, не заўважаючы чужы боль тых, каму, магчыма, нашмат горш, чым нам. Аляксей Талай зразумеў гэта падчас лячэння за мяжой, дзе ён пазнаёміўся з маленькімі дзеткамі. Некаторыя з іх хварэлі на рак, праходзілі праз цяжкія аперацыя, не ўсе выжывалі. Менавіта тады 17-гадовы Аляксей зразумеў, што яго лёс не самы горшы ў свеце, і што ў яго ёсць яшчэ шмат магчымасцей і самае галоўнае – жыццё.
Аляксей Талай пачаў дзейнічаць: асвоіў камп’ютар, пабудаваў свой бізнес, знайшоў многа новых сяброў па ўсім свеце, нават атрымаў чорны пояс па каратэ.
– Не магу сказаць, што ўсё было проста. Кожны крок даваўся з цяжкасцю, але цаглінка за цаглінкай я будаваў сваё новае жыццё. Кожны дзень я выпрабоўваў сябе, пашыраючы межы сваіх магчымасцей. Я не такі як усе, і я вырашыў пераўтварыць гэта ў сваю перавагу. Перавагу развіцця сваёй душы і чалавечых якасцяў. Ці змагу я выжыць і не ўзлавацца на гэты цудоўны свет?
На гэтай нялёгкай дарозе падтрымкай і дапамогай Аляксея сталі яго родныя і сябры, якія ахінулі яго любоўю і дабром, давалі натхненне жыць і тварыць. Аляксей часта разважае, што ў 1999 годзе мог так і застацца на тым полі, дзе падарваўся. Таму цяпер успрымае кожны дзень як цуд, як вялікі падарунак, які бязмежна цэніць.
– Чалавек часта ставіць рамкі і абмежаванні для самога сябе. Разбурыце гэтыя рамкі, адкрыйцеся свету, узаемадзейнічайце з ім, і ён адкрыецца для вас. Можна колькі заўгодна гаварыць, што нічога не атрымаецца, і ўсяго адзін раз зрабіць. Мы ўсе дзеці адзінага Бога – стваральніка ўсяго існага. Я веру, што ўсе мы прыйшлі ў гэты свет вучыцца, станавіцца лепшымі, каб хоць крыху наблізіцца ў духоўных якасцях да Таго, хто нас стварыў. Чым цяжэй барацьба, тым важней перамога. Стаўшы на гэты шлях, вы зразумееце, што няма нічога немагчымага. І я гэта зрабіў.
Сёння Аляксей Талай паспяховы прадпрымальнік, матывацыйны спікер, член нацыянальнай Паралімпійскай зборнай, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы, член Канстытуцыйнай камісіі, дабрачынец і бацька чатырох дзяцей. Лёс Аляксея даказвае, што не зважаючы на цяжкасць жыццёвых абставін заўсёды трэба мець надзею на лепшае, трэба вучыцца цаніць тое, што мы маем, а не шкадаваць аб тым, што страцілі.
Выступленне Аляксея сарвала бурлівыя апладысменты залы. Вялікі сэнс, закладзены ў ягоных словах, дапамагае па-новаму зірнуць на жыццё, зразумець, што яно цудоўнае, што яго трэба цаніць, як найвялікшую каштоўнасць.
Пасля выступлення Аляксея жадаючыя маглі задаць яму пытанні. Шчучынцы цікавіліся пра спартыўную кар’еру спікера, стаўленне да рэлігіі, яго дзейнасць у Канстытуцыйнай камісіі. Таксама з залы прагучала пытанне аб музыкальных густах. Аляксей Талай прызнаўся, што ў захапленні ад творчасці Віктара Цоя, песні якога дапамагалі яму трымацца ў рэанімацыі, калі мала хто верыў у ягонае жыццё.
Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя мелі магчымасць сфатаграфавацца з Аляксеем і перадаць яму свае падзякі і пажаданні.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.