“Трэба ведаць сваю гісторыю і падзеі мінуўшчыны, якімі б горкімі яны не былі”. Уражаннямі ад прагляду гістарычнай драмы “На другім беразе” дзеляцца супрацоўніцы ТЦСАН
Мы працягваем друкаваць водгукі на знакавую кінастужку “На другім беразе”, што выйшла на вялікія экраны да Дня народнага адзінства. Сённяшнія нашы суразмоўцы – супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Таццяна Хвяшчэнік і Ірына Цішкоўская.
– Ведаеце, упершыню глядзела фільм аб супраціўленні беларусаў пры польскай уладзе. Увогуле не так шмат такіх фільмаў, прысвечаных перадваенным падзеям у Заходняй Беларусі, – разважае Таццяна Уладзіміраўна. – Між тым, амаль у кожнай сям’і старэйшым людзям ёсць што ўзгадаць, як яны жылі “за панскім часам”. Асабіста мне ўрэзаліся ў памяць, хоць была зусім малечай, аповеды майго дзядулі -- Аляксандра Іванавіча Андрэйчыка, што нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Даўбенкі ля Першамайска, які тады называўся Сабакінцамі, як кажуць, па прозвішчы пана – уладальніка тамтэйшых зямель. Дзядуля прайшоў тры вайны, а з Вялікай Айчыннай вярнуўся з ордэнам і медалямі. Ён шмат расказваў не толькі аб франтавых выпрабаваннях, але і пра тое, як прыгняталі беларусаў да вызвалення нашых зямель. Сёння тыя падзеі і наша гістарычная памяць, нібы адраджаюцца дзякуючы кінематаграфістам “Беларусіфільма”. Безумоўна, гістарычная драма “На другім беразе” – гэта адметная з’ява ў культурным і грамадскім жыцці краіны.
У фільме на прыкладзе адной асобна ўзятай сям’і адлюстравана тое, што перажыў наш гаротны народ, колькі выпрабаванняў пераадолеў, як змагаўся за сваю чалавечую годнасць, за права быць беларусамі, за сваё жыццё і веру.
– Фільм пакідае досыць цяжкія пачуцці ў сэрцы. Дарагой цаной далася нашым продкам цэласнасць Беларусі. Але якімі б драматычнымі і горкімі не былі тыя далёкія падзеі, нам, сённяшнім, важна знаць сваю праўдзівую гісторыю, помніць і рабіць высновы, – дапаўняе Ірына Цішкоўская.
Запісала Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.