Завітаць у кожны дом. Даведаліся, як жыве гаспадыня Жанна Шмат, якая год таму пераехала на малую радзіму ў Лядск
Усё часцей гараджане выбіраюць сельскую мясцовасць для пражывання. Іх прываблівае спакойнае асяроддзе і цудоўная прырода, якую немагчыма сустрэць у “каменных джунглях”. У Лядскім сельсавеце за апошні час было набыта ва ўласнасць 15 пустуючых дамоў, найбольш папулярнымі ў гэтым плане населенымі пунктамі сталі Лядск, Мураўёўка і Скрагі. Хтосьці купляе вясковую сядзібу пад лецішча, некаторыя пераязджаюць на сталае жыхарства. Але ёсць тыя, хто вяртаецца ў родную хату, як напрыклад Жанна Шмат, якая ўжо год жыве ў Лядску.
Спадарыня Жанна раней жыла ў Зэльве, туды перавезла і сваю маці Яніну Станіславаўну. Старэнькая жанчына перажывала, што пакінула ў Шчучынскім раёне дом, які дастаўся ёй цяжкай працай.
– Нас было трое дзяцей у маці, – узгадвае Жанна Шмат. – Яна гадавала нас адна без бацькі, ён памёр, калі мне было 10 год. Старалася, многа працавала і выкупіла ў калгаса дом для нашай сям’і. Таму вясковая хата мела для яе вялікую каштоўнасць, яна пастаянна пра яе ўзгадвала на працягу тых сямі гадоў, якія жыла ў Зэльве.
Аднак з часам здароўе Яніны Станіславаўны стала пагаршацца, яе трэба было даглядаць. Таму пасля доўгіх роздумаў было прынята рашэнне пераехаць у Лядск.
– Прыходзілася пастаянна адпрошвацца з працы, а здароўе маці пагаршалася (яна інвалід першай групы), таму вырашылі вярнуцца ў вёску, – кажа Жанна Шмат. – У гэтым рашэнні мяне падтрымаў муж Аляксандр. Ён у мяне працавіты, за што ні возьмецца – усё давядзе да ладу. Адным словам – залатыя рукі. Без яго ў нас нічога б і не атрымалася, бо дом патрабаваў грунтоўнага рамонту.
Шмат сілаў прыклала сям’я, каб удыхнуць новае жыццё ў былое сямейнае гняздо. Трэба было рабіць ацяпленне, праводзіць каналізацыю і іншыя камунікацыі. Прыйшлося добра пастарацца, каб завяршыць унутраны і знешні рамонт, добраўпарадкаваць надворак. Але, як прызнаецца спадарыня Жанна, вынік таго варты:
– За добрую працу мы атрымалі адпаведную ўзнагароду. Маці ў гэтых мясцінах стала значна лягчэй, цяпер яна адчувае сябе больш бадзёрай, стала лепш хадзіць. Відаць, роднае паветра і сцены сапраўды лечаць.
А які цудоўны куточак прыроды атрымаўся ў выніку – словамі не апісаць. Па-першае, сям’і пашанцавала з тым, што іхні надворак знаходзіцца акурат насупраць шыкоўнага касцёла, што дазваляе любавацца цудамі неагатычнай архітэктуры. Хораша і на самім надворку. Старанная гаспадыня Жанна арганізавала на ім цудоўныя кветкавыя кампазіцыі. Ёсць тут і свой садочак і гародзік, таксама сям’я трымае свойскіх жывёл. Гаспадарка тут сур’ёзная.
– З адаптацыяй у нас праблем не было. Людзі тут ціхія і добразычлівыя, многа каго памятаю яшчэ з дзяцінства. Хораша бывае прайсціся па надворку, палюбавацца кветкамі і зразумець, што недарэмна сюды былі ўкладзены сілы і сродкі. Раней я нават не бачыла лета, яно праходзіла ў рабочым кабінеце за камп’ютарам, а зараз я, можна сказаць, жыву ў гармоніі з прыродай. Гэта цудоўна, – прызнаецца спадарыня Жанна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.