Умацаваны божым благаславеннем

Усім патрэбна заступніцтва Усявышняга. Людзям у пагонах, чыя служба няпростая і часам рызыкоўная, таксама. У Шчучынскім РАУС стала добрай традыцыяй сустрэча супрацоўнікаў міліцыі са свяшчэннаслужыцелямі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Вось і сёння ў райаддзеле міліцыі з радасцю прывіталі Благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пасцерняка і пробашча парафіі Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне айца Вітольда Пяцельчыца.

З асобай сілай гучала ў гэты дзень перад асабовым саставам слова божае. Міліцыянеры – прадстаўнікі дзвюх хрысціянскіх канфесій – слухалі святароў, стоячы плячом да пляча ў адной шарэнзе. Айцец Аляксандр павіншаваў з Раством і Хрышчэннем Гасподнім, пажадаў моцы духоўнай і цялеснай, зямных даброт. А айцец Вітольд падкрэсліў, што Бог благаслаўляе кожную дзейнасць, якая служыць цялеснаму і духоўнаму дабру. Абодва святары гаварылі пра тое, што самае галоўнае, каб у кожнага чалавека, незалежна ад месца ў грамадстве і пасады, былі светлыя душа і ўчынкі.

 Разам са святарамі праваахоўнікі памаліліся і папрасілі божага заступніцтва, атрымалі ад іх благаславенне на нялёгкую службу. Свяшчэннаслужыцелі акрапілі святой вадой рабочыя кабінеты і транспартныя сродкі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!