На шляху да спартыўных вышынь. Шчучынскі лёгкаатлет Яраслаў Сіняк выступіў на II Гульнях краін СНД

 

У Беларусі завяршыўся галоўны спартыўны форум гэтага лета – II Гульні краін СНД. Больш за 2 тысячы спартсменаў з 22 краін свету паказвалі сваё майстэрства. Ад Беларусі ў спаборніцтвах удзельнічалі 673 спартсмены, сярод якіх ёсць і прадстаўнікі Шчучына, як, напрыклад, лёгкаатлет Яраслаў Сіняк.

 

Сёлета ў праграме II Гульняў СНД па лёгкай атлетыцы прымалі ўдзел хлопцы і дзяўчаты 2009-2010 гадоў нараджэння. Юныя спартсмены спаборнічалі ў розных дысцыплінах. Шчучынец Яраслаў Сіняк прадстаўляў нашу краіну ў скачках у вышыню.

 

 

Шлях Яраслава да II Гульняў краін СНД пачаўся яшчэ ў мінулым годзе, ён прымаў удзел у шматлікіх спартыўных стартах як абласнога, так і рэспубліканскага маштабу. На Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, якая прайшла напрыканцы чэрвеня ў Гомелі, шчучынец заняў трэцяе месца. Добры вынік спартсмена не застаўся без увагі, і ён быў выкліканы на зборы ў Мінск, дзе канчаткова быў дададзены ў спіс удзельнікаў II Гульняў краін СНД.

 

 

На працягу 15-дзённых збораў у Мінску Яраслаў рыхтаваўся да спаборніцтваў, дапамагаў яму ў гэтым трэнер па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы горада Шчучына Уладзімір Дзікевіч. Падчас падрыхтоўчых збораў беларускіх атлетаў наведвалі алімпійскія прызёры і чэмпіёны Эліна Зверава, Максім Недасекаў і Іван Ціхан, які зараз займае пасаду старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Вядомыя спартсмены прыходзілі з падарункамі, дзяліліся гісторыямі са сваёй кар’еры.

 

 

Спаборніцтвы па скачках у вышыню праходзілі на галоўнай спартыўнай арэне краіны – сталічным стадыёне “Дынама”. Выніковыя пазіцыі размеркаваліся наступным чынам. Першае месца, пераадолеўшы бар’ер вышынёй 185 см, заняў расіянін Дзмітрый Усаеў. На другім месцы размясціўся суайчыннік Дзмітрыя Мацвей Балашоў, ён узяў вышыню 180 см. Трэцяе месца заняў беларус Максім Гапаў, ён скокнуў на 175 см.

 

Аналагічны вынік паказаў і Яраслаў Сіняк са Шчучына, але для гэтага яму спатрэбілася больш спробаў, таму ён заняў чацвёртае месца. Такім чынам, сярод чатырох атлетаў беларускай каманды Яраслаў паказаў другі вынік.

 

– На жаль, у Яраслава не атрымалася паказаць свой лепшы вынік, – адзначае Уладзімір Дзікевіч. – У ранейшых афіцыйных заліках ён браў 180 см, а на трэніроўках пераадольваў і ўсе 185. Хутчэй за ўсё, яму перашкодзіла надвор’е. Справа ў тым, што падчас спаборніцтваў быў моцны дождж, вядома, што такія ўмовы ўплываюць на спартсменаў. Было бачна, што расіяне ў гэтым плане больш стрэсаўстойлівыя.

 

 

Упэўнены, што пры сухім надвор’і мы б далі ім бой. Але вынік Яраслава і без таго выдатны. Ён добра выступіў на спаборніцтвах такога высокага ўзроўню, і я ўпэўнены, што ягоныя галоўныя перамогі наперадзе, мы абавязкова яшчэ не раз пра яго пачуем.

 

Нядаўна Яраслава залічылі ў Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Цяпер ён будзе займацца з новым трэнерам. Па словах Уладзіміра Дзікевіча, Яраслаў сумленна ставіцца да трэніровак, ён старанны, таму ягоны прагрэс паскорыцца ў разы. Жадаем юнаму атлету поспехаў і здзяйснення спартыўных мараў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з афіцыйнага сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!