Новыя тэндэнцыі ў вясковым адпачынку. Даведаліся, як паўплываў указ “Аб развіцці аграэкатурызму” на працу аграсядзіб нашага раёна

 

Турыстычны патэнцыял Шчучынскага раёна заўсёды прыцягваў падарожнікаў з усіх куткоў Беларусі. Гасціннасць людзей, унікальныя традыцыі і шыкоўныя помнікі архітэктуры выгадна прэзентуюць наш край. Таму любыя змены ў сферы турызму заўважна адбіваюцца на нашым раёне. Не стаў выключэннем і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 2022 года № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”. “Дзянніца” вырашыла даведацца, як дзеянне новага закона паўплывала на працу аграсядзіб нашага раёна.

 

Згодна з Указам усе дзейныя аграсядзібы нашага раёна да 1 ліпеня 2023 года павінны былі прайсці працэдуру перарэгістрацыі і атрымаць дазвол на ажыццяўленне турыстычнай дзейнасці ад камісіі па комплекснай ацэнцы. Калі раней праца аграсядзіб ажыццяўлялася па заяўным прынцыпе, то цяпер уладальнікам трэба атрымліваць спецыяльны дазвол і адпавядаць устаноўленым патрабаванням. У камісію па комплекснай ацэнцы аграсядзіб уваходзілі прадстаўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РАУС, РАНС і іншых арганізацый раёна.

 

 

Разам з тым, новым указам быў дапоўнены комплекс паслуг, якія могуць аказвацца аграсядзібамі. Напрыклад, з’явілася такая катэгорыя, як майстар-класы. З іх дапамогай гаспадары сядзіб могуць знаёміць гасцей з традыцыямі і рамёствамі свайго рэгіёна.

 

Падрабязней пра сітуацыю ў сферы аграэкатурызму ў нашым раёне расказала старшы інспектар сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Алена Арабчык:

 

– У пачатку 2023 года ў нашым раёне налічвалася 28 аграсядзіб. Сямнаццаць з іх падалі заявы на перарэгістрацыю і паспяхова яе прайшлі. Гаспадары астатніх сядзіб напісалі заявы аб прыпыненні дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Некаторыя з іх перайшлі ў статус індывідуальных прадпрымальнікаў. Гаспадары чатырох аграсядзіб плануюць аднавіць сваю дзейнасць пасля таго, як вырашаць праблемныя пытанні, пасля чаго змогуць прайсці перарэгістрацыю. Таксама варта адзначыць, што ў нашым раёне плануюць адкрывацца дзве новыя аграсядзібы.

 

 

Адназначным плюсам Указа “Аб развіцці аграэкатурызму” стала тое, што адбылося ўдасканальванне працы аграсядзіб за кошт узаконьвання пабудоў і зямельных участкаў. Усе аб’екты прайшлі праверку на супрацьпажарную бяспеку. Гаспадары атрымалі карысныя рэкамендацыі ад спецыялістаў камісіі, што дазволіла павысіць агульны ўзровень паслуг сферы аграэкатурызму ў нашым раёне.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!