Розум і кемлівасць – гэта пра іх. У Шчучыне прайшоў традыцыйны інтэлектуальны турнір “Кубак Шчупака”

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў традыцыйны турнір па інтэлектуальных гульнях сярод працуючай моладзі “Кубак Шчупака – 2023”. За званне лепшых знатакоў пазмагаліся 9 каманд з розных прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна.

 

Штогод турнір праводзіцца па ініцыятыве моладзі, райкама БРСМ і пры падтрымцы раённай школы “Інтэлект”. Пра арганізацыю і мэты мерапрыемства нам расказала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Сёлета турнір быў прысвечаны Году міру і стварэння. Дата правядзення была абрана невыпадкова, бо па ўсёй краіне стартаваў Тыдзень моладзі. “Кубак Шчупака” прайшоў у тэматычны дзень навукі і інфармацыі. Такая разумовая дзейнасць карысная ўсім, бо гэта добрыя ўмовы для жывой гутаркі, магчымасць адмовіцца ад тэлефонаў, сацыяльных сетак і на практыцы “падмацаваць” свой мозг.

 

 

Што праўда то праўда, “падмацаваць” мозг сапраўды было чым. З года ў год “Кубак Шчупака” ўражвае яго ўдзельнікаў цікавымі і нетыповымі пытаннямі. Гэтым разам рэгламент турніру ўключаў у сябе тры заліковыя гульні, па выніках якіх і вызначаўся пераможца.

 

 

Пытанні былі рознага кшталту, таму ад удзельнікаў патрабаваўся не толькі розум, але і веды пра ўсе сферы жыцця. Разгадваць рэбусы, узгадваць фразы з песняў, дапаўняць прымаўкі – гэта толькі малая частка таго, што трэба было зрабіць. Асобнае месца занялі пытанні пра гісторыю і сучаснасць нашай краіны, а таксама яе культуру. Апошнім турам “Кубка Шчупака” стала гульня “Што? Дзе? Калі?”: каманды адказвалі на пятнаццаць пытанняў, на кожнае давалася адна хвіліна. Бурлівыя абмеркаванні і мазгавы штурм напаўнялі сцены цэнтра культуры і народнай творчасці інтэлектуальнай атмасферай.

 

 

Па выніках трох тураў пераможцы і прызёры турніру былі вызначаны. Трэцяе месца заняла каманда ААТ “Дэмбрава”. Срэбра турніру дасталася калектыву Шчучынскай ЦРБ. “Кубак Шчупака” ў гэтым годзе атрымала дружына маладых знатакоў з ДЛГУ “Шчучынскі лясгас”. Пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі.

 

 

Вялікую ролю ў арганізацыі і правядзенні турніру адыграла Таццяна Бадзюкова – кіраўнік інтэлектуальнага клуба “Мудры Шчупак”. Яна падзялілася з намі, па якім прынцыпе распрацоўваліся пытанні да турніру:

 

– Пытанні падбірала так, каб была цікавая гульня, каб можна было напружыць свой мозг, але разам з тым весела правесці час. Лічу, што падчас турніру шчучынская моладзь паказала высокі ўзровень эрудыцыі. Ёсць каманды, якія ўдзельнічаюць не першы раз, маюць касцяк знатакоў, яны паказваюць самую моцную гульню.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!