Чым жыве моладзь, як уладкавалася на сваім першым працоўным месцы, ці ўсё задавальняе маладых людзей у новым калектыве? Аб гэтым ішла гаворка падчас выязднога пасяджэння райвыканкама

Аснову любога працоўнага калектыву складае кадравы патэнцыял. Аб тым, як у раёне арганізавана работа з маладымі спецыялістамі, як ажыццяўляецца падбор і падрыхтоўка перспектыўнага рэзерву кадраў, ішла размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама.

 

Удзельнікі выязнога пасяджэння пабывалі ў некалькіх арганізацыях раёна, дзе азнаёміліся з умовамі работы маладых спецыялістаў, даведаліся аб магчымасцях іх самарэалізацыі і замацавання на рабочых месцах, далейшых перспектывах росту.

 

Першы пункт на маршруце -- ДУК "Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі". Дырэктар Аляксандра Янкоўская азнаёміла з работай установы, яе рэсурсамі, у тым ліку электроннымі навінкамі і магчымасцямі. Удзельнікам мерапрыемства сваю творчую візітоўку прадставіла выкладчык Шчучынскай ДШМ па класе саксафона і флейты Алена Гедзюн. Дарэчы, малады спецыяліст у 2018 годзе пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа пераехала на першае рабочае месца на Шчучыншчыну з Навагрудскага раёна. Пасля двух гадоў адпрацоўкі максімальна працягнула працоўныя адносіны.

 

 

-- Мяне вельмі добра прынялі ў калектыве, таму я тут і засталася працаваць. Мая прафесія складаная, яна патрабуе прызвання, раскрыцца якому і дапамагае вопытны педагагічны калектыў школы. Я ўвесь час адчуваю падтрымку калег, кожны з іх -- майстар сваёй справы, -- расказала Алена. -- Для маладога спецыяліста сферы культуры важна выконваць сваю працу з душой і ўкладваць у яе часцінку свайго сэрца. Вучыць дзяцей мне падабаецца, але галоўнае, каб яны гэтага самі хацелі.

 

 

Падчас абмеркавання старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Куканава адзначылі, што менавіта на моладзь ускладаюцца вялікія спадзяванні па развіцці рэгіёна. Аднолькава важна не толькі ўдасканальваць тэхналагічны працэс, але і праводзіць мадэрнізацыю ў розумах спецыялістаў, актыўна асвойваць новыя метады работы. Сёння хуткімі тэмпамі адбываюцца змены ва ўсіх сферах нашага жыцця. Менавіта моладзь з яе крэатыўным мысленнем і новымі падыходамі ў вырашэнні розных праблем здольна паспяваць за нашай рэчаіснасцю, а таксама ствараць канкурэнтнае асяроддзе ў кожнай арганізацыі, на прадпрыемствах.

 

 

 

Зацікаўленая размова адбылася і ў Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Галоўны ўрач установы аховы здароўя Іван Загароўскі падзяліўся сваім бачаннем вырашэння праблемы прыцягнення і захавання кваліфікаваных медыцынскіх кадраў. Ва ўстанове аховы здароўя працуюць 62 маладыя спецыялісты. У гэтым годзе чакаецца прыбыццё на першае працоўнае месца 10 урачоў і 12 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Укамплектаванасць сярод урачэбнага персаналу ў бальніцы складае 96%.
 

З мэтай павелічэння цікавасці да прафесіі ў ЦРБ праводзяцца прафарыентацыйныя экскурсіі для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна. Штогод выдаюцца 16-18 мэтавых накіраванняў для паступлення ў ВНУ і падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Для іх замацавання аказваецца дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання. Пры заключэнні з імі кантракта прымяняюцца дадатковыя меры стымулявання працы. Ажыццяўляецца даплата 20% па кантракце ўсім маладым спецыялістам. З мэтай адаптацыі маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах у ЦРБ укаранёна сістэма настаўніцтва.

 

 

На думку Івана Загароўскага, пакуль кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працуюць маладыя людзі, не будуць унікаць у іх праблемы, пытанне замацавання спецыялістаў будзе існаваць. Без стварэння нармальных умоў для паўнавартаснага жыцця, побыту і адпачынку моладзі немагчымы максімальная эфектыўнасць працы і сацыяльны дабрабыт калектыву.

 

-- Можна працаваць у самых камфортных умовах і на сучасным абсталяванні, але калі не будзе пачуцця каманды, то выніку мы не дасягнём, -- упэўнены Іван Уладзіміравіч.

 

 

Цалкам згодны з кіраўніком маладыя спецыялісты -- урач акушэр-гінеколаг Алена Кошчыц і фельчар-лабарант Вікторыя Коўш, якія аб сваім першым месцы працы гавораць толькі добрае: “У Шчучыне нас сустрэлі ветлівыя людзі, горад вельмі палюбілі. Прыемна, што старэйшыя калегі заўсёды даюць слушныя парады. Галоўнае -- верыць у сябе, свае сілы, з упэўненасцю глядзець у будучыню”.

 

 

Далей удзельнікі мерапрыемства наведалі ААТ "Шчучынаграпрадукт". Аб мерах па прыцягненні і стварэнні ўмоў для паляпшэння замацавання маладых спецыялістаў у працоўным калектыве расказала дырэктар прадпрыемства Вольга Патапчык. Як адзначае кіраўнік, сістэма прэміравання дазваляе выплачваць маладым спецыялістам звыш 2,5 тыс. рублёў. Але цяпер гэта не галоўнае. Людзі звяртаюць увагу на прапанаваны ім сацыяльны пакет, умовы працы. Важна і арганізацыя вольнага часу, для чаго многае адлюстравана ў калектыўным дагаворы.

 

 

-- Вырашыць праблему прыцягнення маладых кадраў рэальна, перш за ўсё за кошт граматнай прафарыентацыйнай работы, -- упэўнена Вольга Браніславаўна. -- Ураджэнцаў раёна неабходна больш актыўна нацэльваць на паступленне ў аграрныя ВНУ і ССНУ. Яны ў апошні час з большай ахвотай застаюцца працаваць на малой радзіме, таму стаўку робім на землякоў. У Ражанкаўскай сярэдняй школе ёсць аграрны клас, у якім навучаецца 8 рабят. Тут ужо эфектыўны мэтавыя накіраванні. Гэта значыць, выпускнік не проста паступае ў аграрныя ВНУ, а першапачаткова рыхтуе сябе да таго, што працаваць будзе ў роднай гаспадарцы. Тым больш, штогод вырашаецца пытанне, каб даплата маладым людзям да стыпендыі была не мінімальнай і яны выгадна адрозніваліся ад іншых студэнтаў.

 

 

Сёння ў гаспадарцы працуюць 7 маладых спецыялістаў. Пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі засталіся ў калектыве 8 чалавек. На будучае заключаны 7 дамоў аб мэтавай падрыхтоўцы.

 

 

 

Чым жыве моладзь, як уладкавалася на сваім першым працоўным месцы, ці забяспечана жыллём, ці ўсё задавальняе маладых людзей у новым калектыве, ці дастаткова яны зарабляюць -- распавялі Марта Возная, Паліна Лузіна, Ілля Блюднік и Дар’я Дзяцел. Маладыя спецыялісты адзначылі -- ім вельмі пашанцавала з калектывам, а асабліва з кіраўніком.

 

 

Больш дэталёва пытанні былі разгледжаны на пленарным пасяджэнні. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько адзначыла, што за апошнія тры гады на Шчучыншчыну прыбылі 368 маладых спецыялістаў, 61% з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Больш за ўсё маладых работнікаў накіравана ў сельскагаспадарчую галіну, у сферы адукацыі і аховы здароўя.

 

-- З 2020 года ў Шчучынскім раёне назіраецца станоўчая дынаміка ўзроўню замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах: працэнт замацаванасці у 2022 годзе склаў 57,4%. Асноўнымі прычынамі не замацавання з'яўляюцца: працяг вучобы на дзённым аддзяленні ВНУ, паступленне ў магістратуру, прызыў у войска, пераразмеркаванне, -- падкрэсліла Вераніка Уладзіславаўна. -- Мы разумеем, што вельмі важна стварыць такія ўмовы, каб маладыя людзі заставаліся працаваць па месцы размеркавання і пасля заканчэння двух гадоў абавязковай адпрацоўкі.

 

На пасяджэнні прааналізавана работа на месцах па стварэнні ўмоў для адаптацыі маладых кадраў, якія прыбылі ў арганізацыі і на прадпрыемствы. Гэта пытанне ўвесь час абмяркоўваецца і на традыцыйных сустрэчах кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі. Важнымі складнікамі з'яўляюцца замацаванне за імі настаўнікаў, забеспячэнне жыллём, аказанне матэрыяльнай падтрымкі. Было адзначана, што забяспечанасць працуючых маладых спецыялістаў жыллём складае 100%. У поўнай меры рэалізоўваюцца сацыяльныя гарантыі адносна маладых спецыялістаў, прадугледжаныя раённым пагадненнем і калектыўнымі дагаворамі. Маладыя спецыялісты, якія за час работы зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку, уключаны ў перспектыўны рэзерв. У 2022 годзе ў складзе рэзерву па ўзгадненні з райвыканкамам зацверджаны 23 чалавекі.

 

 

 

У сваю чаргу першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аверка падкрэсліў, што ад эфектыўнасці працы з маладымі кадрамі залежыць будучыня раёна. Таму кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў неабходна садзейнічаць маладым спецыялістам у вырашэнні сацыяльназначных пытанняў і кар'ерным росце. Прыняць на працу - не значыць набыць гатовага спецыяліста. Вядома, што вялікую ролю адыгрывае павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі, удасканаленне майстэрства маладых работнікаў. У моладзі павінна быць магчымасць павысіць не толькі кваліфікацыю, але і раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!