Пошук – найлепшы варыянт
Крыху больш за год назад гэта быў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер ключавое слова, паняцце «цэнтр» толькі ганарова ўзмацняе сутнасць усёй дзейнасці Шчучынскага палаца творчасці, бо з перасяленнем установы ў былую рэзідэнцыя князёў Друцкіх-Любецкіх праца калектыву набыла і новае аблічча, свежы твар, выйшла на авасцэну са сваімі сучаснымі, прыцягальнымі формамі работы ў гістарычным будынку. А палац становіцца цэнтрам усёй выхаваўчай работы ў раёне. У тым, калі хочаце, і своеасаблівая харызма сітуацыі.
Сказанае вышэй яшчэ раз яскрава засведчыла жыццё палаца каляднае і навагодняе. Толькі ранішнікаў, прысвечаных зімовым святам, праведзена аж 24. І не проста дзеля прыгожай унушальнай лічбы, а з выкарыстаннем сучасных тэхналогій: навейшае прачытанне старадаўняга свята пры арганізацыі і правядзенні яго, светлаэфекты, з’яўленне свежых, не традыцыйных герояў. І самае карыснае, што стваралі сюжэты і кампазіцыі,рыхтаваліся да свята дзеці і дарослыя аж да тэхнічных работнікаў палаца.
Вызначальнай у справе канікулярнага адпачынку школьнікаў стала, безумоўна, ёлка. Яна – паўсюль. Калектыў палаца запальваў агеньчыкі на навагодняй прыгажуні на цэнтральнай плошчы Шчучына, па аграгарадках і ў сябе, у вялікай зале, на паверхах палаца. А тэатральная пастаноўка-казка «Навагодняя гісторыя ў казачным палацы» аж тройчы збірала школьнікаў з усяго раёна.
– Такое можна пабачыць хіба што толькі па тэлевізары ці інтэрнэце, або ў сапраўдным тэатры, – у захапленні ад свята дзевяцікласнік Вялікамажэйкаўскай школы Аляксей Запаснік. – Уражвае светлавое шоў. Ды і героі навагодняй казкі новыя, цікавыя.
Так, толькі лазерная ўстаноўка абышлася палацу, па словах дырэктара Ірыны Пятроўны Дзегцяровай,у тысячу рублёў. І хоць пастаноўка платная, не хутка, напэўна, акупяцца тыя агеньчыкі. Затое застануцца яны ў юных вачах і душах.
-- Дзяцей нібы падмянілі ў казачны дзень, – шчыра кажа намеснік дырэктара першага гарадскога садка Вольга Уладзіміраўна Каспарчук. – Выходзіць з казкі і адпраўляцца дадому ніхто не жадаў.
А праз дзясятак кіламетраў ад горада, у лясным масіве, на базе аздараўленчага лагера «Касмадром»упершыню ў нашым раёне адкрыта рэзідэнцыя Дзеда Мароза, куды школьнікі раёна з задавальненнем прыязджаюць на сустрэчу з казачнымі героямі. Сустракаюць гасцей вельмі артыстычныя выхаванцы тэатральнага гуртка пад кіраўніцтвам выдатнага прафесіяналаНаталлі Аляксандраўны Лукіной і яе калегі Жукоўскай Ірыны Аляксееўны.
Рэклама ў сённяшні дзень – аснова поспеху і ў выхаванні. Людміла Мікалаеўна Немна, педагог і фатограф, сваю справу ведае дасканала. Штаб, так бы мовіць, канікулярнай работы знаходзіцца ва ўмелых руках намесніка дырэктара Наталлі Міхайлаўны Карэцкай, якая шчыра радуецца:«Нам пашанцавала з культарганізатарам Наталляй Уладзіміраўнай Собаль. Яна і па дыпломе сцэнарыст, і талентам не пакрыўджна. Дзеці ці дарослыя, а вылепіць дасканалых артыстаў. Усяго за чатыры месяцы працы з групай вучняў пачатковых класаў другой гарадской школы змагла падрыхтаваць Калядкі (ваджэнне казы) на вельмі высокім узроўні.Валодае выдатнымі здольнасцямі і другі культарганізатар, Ала Мікалаеўна Яцэвіч, ініцыятыўная, з трапным падыходам да кожнага дзіцяці і дарослага».
Творчы пошук – у аснове ўсёй працы калектыву Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.Толькі суперсучасна, толькі нетрадыцыйна, калі хочаце, праз добрае віртуальнае, пазбаўляючыся адмоўнага і недалёкага –на гэтым трымаецца падыход да работыкожнага члена гэтай установы адукацыі.
Рычард БЯЛЯЧЫЦ. Фота Людмілы НЕМНЫ.