Скарбонка жыцця Галіны Бяляўскай
Чалавек радуецца кожнаму імгненню, стараецца напоўніць дзень добрымі справамі і знаходзіць ва ўсім асалоду жыцця. Гэта пра Галіну Бяляўскую, якую ведаюць у Шчучыне як творчага чалавека, майстра паэтычнага слова, мастака і педагога.
Нарадзілася яна ў весцы Юкавічы, што на Брэстчыне. Бацька, Прохар Германавіч Ліпскі, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў камандзірам сапёраў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пасля цяжкага ранення і шпіталю зноў вярнуўся у строй, быў назначаны намеснікам камандзіра дарожна-будаўнічага батальёна. Пасля дэмабілізацыі ўзначаліў школу ў Юкавічах. А маці, Любоў Паўлаўна, працавала ў падатковай інспекцыі бухгалтарам. У сям’і Ліпскіх нарадзілася двое хлопчыкаў і дзяўчынка.
Па вечарах бацькі чыталі дзецям казкі, разам рашалі задачы, прывучалі малых да працы. Бацька цудоўна ведаў паэзію і натхнёна дэкламаваў на памяць творы Пушкіна, паэму Твардоўскага “Васілій Церкін”, Коласаўскую “Новую зямлю”.
-- Мама часта выпякала здобу і прыносіла ў школу вучням да чаю, які выдаваўся тады бясплатна, -- з цеплынёй успамінае Галіна.
Яна з дзяцінства палюбіла кнігі і многа чытала, а ў дзевяць гадоў напісала свой першы верш. Калі прачытала бацькам, атрымала пахвалу. Увогуле за школьныя гады многа было напісана вершаў і баек на розную тэматыку. А пасля выпускнога Галіна паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, потым закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава.
Галіна Прохараўна працавала ва ўстановах адукацыі нашага раёна, першай гарадской школе, у Шчучынскай дзіцячай школе мастацтваў. Многія яе выхаванцы займалі прызавыя месцы ў прэстыжных творчых конкурсах самага рознага ўзроўню. Шмат вучняў паступіла ў ВНУ, у тым ліку і Акадэмію мастацтваў.
Пачала друкавацца Галіна Прохараўна ў 1970 годзе. Яе паэтычныя творы радавалі чытачоў абласной газеты “Гродзенская праўда”, рэспубліканскага часопіса “Целитель”, івацэвіцкаў, слонімскай, ваўкавыскай раёнак. Асаблівая дружба і даўняе супрацоўніцтва звязвае Г.П. Бяляўскую з рэдакцыяй “Дзянніцы”. Ахвотна публікуюць вершы шчучынскай паэткі ў альманахах “Нябесны знак”, “Гоман”, “Акно”. Палітра творчасці надзвычай разнастайная. Гэта лірычныя творы, гумарыстычныя, дзіцячыя… Многія вершы Галіны Прохараўны пакладзены на музыку. Яны лёгка запамінаюцца і з замілаваннем пяюцца:
Ночка калядная зоркамі свеціцца,
З коміна ўецца дымок ,
Маці над люлькаю сынавай звесіцца,
Спіць яе любы сынок.
Песня матуліна хваляй рупліваю
У неба дзіця падняла.
Моліцца маці, каб доля шчаслівая
Сынавым лёсам была.
За свае вершы і музычны твор “Купалле” Галіна Бяляўская атрымала дыплом у міжнародным конкурсе. Яе аўтарская песня “Тры свечкі” была прызнана адной з лепшых на фестывалі свецкай музыкі і паэзіі “Сонцу наўздагон”, які праходзіў у Мінску. На міжнародным фестывалі сучаснага мастацтва і крэатыўнай творчасці “Апельсінавая бяроза” Галіна Прохараўна была ўдастоена дыплома першай ступені ў намінацыі “Паэт-сучаснік”.
За серыю карцін у тэхніцы гратаж “Шчучынскія храмы” ў абласным конкурсе выкладчыкаў школ мастацтваў Галіне Прохараўне ўручылі дыплом пераможцы. Цяпер педагог Г.П. Бяляўская выкладае ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі выяўленчае мастацтва і літаратурную творчасць, а таксама архітэктурнае макетаванне, вядзе заняткі ў этнаграфічным гуртку. І робіць гэта на самым высокім узроўні. Гурткоўцы ўдзельнічаюць у конкурсах і займаюць прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы.
У Галіны Прохараўны мноства прафесіянальных узнагарод, адна з якіх – лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама. Яе часта запрашаюць у школы на літаратурныя гасцеўні. Жанчына з радасцю адгукаецца і выступае са сваімі вершамі. Многія з якіх увайшлі ў зборнік паэтэсы “Салодкі сум”.
У Галіны Прохараўны добрая сям’я. Сыны пайшлі па слядах бацькі -- Вікенція Яцкавіча. Сын Аляксандр -- тэхнік-энергетык, працуе ў РУП ЖКГ, Юрый -- галоўны энергетык у занальным інстытуце раслінаводства. А вось дачка Алена ўвабрала ў сабе матуліну крэатыўнасць. Яна працуе ў гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы старшынёй цыклавой камісіі дызайна, з’яўляецца нацыянальным і міжнародным экспертам па графічным дызайне WоrldSkіlls Веlаrus.
Свой досвед Галіна Прохараўна перадае ўнукам. Трэцякласнік Ягор з цікавасцю наведвае “бабулін гурток”, робіць поспехі ў мастацкай творчасці, спрабуе сябе ў тым ліку і ў скульптуры. А Цімафей, які яшчэ ў чатырохгадовым узросце напісаў першы верш, у свае 13 год ужо з’яўляецца аўтарам невялікага зборніка, спрабуе сябе як бард, выконвае галоўныя ролі на сцэне тэатральнай студыі, наведвае камп’ютарную акадэмію, займаецца дзю-до. Старэйшы ўнук Дзмітрый -- студэнт Купалаўскага ўніверсітэта.
Галіна Прохараўна радуецца за поспехі кожнага з родных людзей – маленькіх і дарослых, любіць жыццё ва ўсіх яго пазітыўных праявах і штодня дабаўляе ў скарбонку свайго радаводу новыя творчыя жамчужынкі.
Ніна СЫЧ, няштатны карэспандэнт.